Вымушаныя мігранты ўсё часцей шукаюць прытулак у Віцебскай вобласці
"Беларусь пачала працаваць з вымушанымі мігрантамі з 1995 года, калі быў прыняты першы закон аб бежанцах, які рэгулюе дзейнасць у гэтым напрамку. Усяго за перыяд дзеяння заканадаўства на тэрыторыі Віцебскай вобласці было разгледжана каля 380 хадайніцтваў аб абароне. І калі на першым этапе, аж да 2004 года, такія звароты былі адзінкавымі, то з 2006 года колькасць вымушаных мігрантаў, якія шукаюць прытулку ў Віцебскай вобласці, пачынае расці. На працягу трох апошніх гадоў назіраецца значнае іх павелічэнне: 2012 год - 36 зваротаў, 2013 - 58, на чэрвень бягучага года зарэгістравана 46 зваротаў", - распавяла Вольга Лазарава.
Віцебская вобласць была першапраходцам у працы з вымушанымі мігрантамі ў частцы іх размяшчэння і забеспячэння нармальных умоў жыцця. У маі 2002 года ў абласным цэнтры быў адкрыты пункт часовага размяшчэння бежанцаў. Доўгі час гэтая ўстанова з'яўлялася адзінай у Беларусі (цяпер такія пункты функцыянуюць у Гомелі і Брэсце). За 12 гадоў функцыянавання пункт прыняў у сваіх сценах больш за 330 замежнікаў з 31 краіны свету (пераважна гэта Афганістан і Іран). "Метады працы пункта пастаянна ўдасканальваюцца, распрацоўваюцца новыя формы па адаптацыі і наступнай інтэграцыі пражываючых у беларускае грамадства. Так, калі першапачаткова ўрокі мовы праводзіліся непасрэдна ва ўстанове, то цяпер навучанне праходзіць на базе дзяржуніверсітэта Машэрава, дзе распрацаваны курс па навучанні замежнікаў рускай мове", - падкрэсліла Вольга Лазарава і дадала, што валоданне мовай з'яўляецца галоўным крытэрыем інтэграцыі ў грамадства.
Цяпер у рэгіёне на ўліку знаходзіцца 37 замежных грамадзян (у асноўным грамадзяне Афганістана і Грузіі), якім прадастаўлены статус бежанца, і 12 грамадзян Сірыі, якія атрымалі дадатковую абарону. Замежныя грамадзяне пераважна пражываюць у Віцебску, Наваполацку і Ліёзна. "Дзесяць мігрантаў ужо атрымалі грамадзянства Беларусі, што сведчыць аб іх поўнай інтэграцыі ў наша грамадства", - заключыла галоўны спецыяліст.
У працы круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі БОКК, УУС Віцебскага аблвыканкама, Полацкага пагранатрада.
Алена Ціханава