Выкананне прадпісанняў дзяржпажнагляду правераць на ільнозаводах Віцебскай вобласці
26 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выкананне прадпісанняў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду правераць у бліжэйшыя дні на ўсіх ільнозаводах Віцебскай вобласці. Такое даручэнне даў сёння Віцебскаму абласному ўпраўленню МНС на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец падчас разгляду пытання аб выкананні патрабаванняў Дырэктывы №1 "Аб мерах па забеспячэнні грамадскай бяспекі і дысцыпліны" ў частцы выканання заканадаўства аб працы, ахове працы і дадатковых мерах па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці ў траўманебяспечных галінах народнай гаспадаркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Штогод на аб'ектах ільнаперапрацоўчых прадпрыемстваў фіксуюцца буйныя пажары. Толькі за другое паўгоддзе 2011-га - першае паўгоддзе гэтага года па выніках праверак дзяржпажнагляду да выканання прадпісана 719 супрацьпажарных мерапрыемстваў. У ліку асноўных парушэнняў значацца адсутнасць або няспраўнасць аўтаматычных установак пажаратушэння і сістэм аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, сістэм апавяшчэння людзей аб пажары і кіравання эвакуацыяй людзей, няспраўнасць вонкавага і ўнутранага супрацьпажарнага водазабеспячэння, неадпаведнасць сістэм аспірацыі і пылавыдалення супрацьпажарным патрабаванням. Аб незадавольняючым супрацьпажарным стане ільнаперапрацоўчых прадпрыемстваў накіравана 16 інфармацый у райвыканкамы і 6 - у органы пракуратуры.
У ходзе разгляду некаторых з гэтых фактаў нараканні з боку старшыні аблвыканкама выклікала як стаўленне кіраўнікоў ільназаводаў да пытанняў супрацьпажарнага стану даручаных ім прадпрыемстваў, так і праца супрацоўнікаў МНС. "Пазіцыя Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС да гэтых крыклівых фактаў занадта ліберальная", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. "Праца ўсіх аб'ектаў з парушэннямі павінна быць прыпынена, а за страты хай разлічваюцца потым кіраўнікі", - дадаў губернатар.
Старшыня аблвыканкама таксама звярнуў увагу на ўмовы працы на ільнаперапрацоўчых прадпрыемствах вобласці. Так, ва ўмовах працы са шкоднымі фактарамі працуюць 4,3 тыс. чалавек, або 54,9% ад усіх занятых у гэтай вытворчасці. Галоўнымі шкоднымі вытворчымі фактарамі з'яўляюцца запыленасць і павышаны ўзровень вытворчага шуму - утрыманне пылу расліннага паходжання і ўзровень шуму на большасці заводаў у вытворчых памяшканнях значна перавышае гігіенічныя нарматывы. Нароўні з гэтым забяспечанасць работнікаў ільназаводаў спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны па вобласці складае 85-90%. Захворванне з часовай стратай працаздольнасці ў 2011 годзе на шэрагу гэтых прадпрыемстваў склалася вышэй, чым у сярэднім па раёнах і па вобласці. Аляксандр Косінец запатрабаваў цалкам забяспечыць людзей неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны і спецадзеннем, у тым ліку прыцягнуць для гэтага сродкі Аршанскага ільнакамбіната, а таксама актывізаваць працу па мадэрнізацыі ільназаводаў вобласці.-0-