Выкананне праграмы дэмаграфічнай бяспекі стане асноўным крытэрыем ацэнкі кіраўнікоў - А.Косінец

25 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец даў негатыўную ацэнку рэалізацыі праграмы дэмаграфічнай бяспекі ў вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА з пасяджэння Віцебскага аблвыканкама. Праграма дэмаграфічнай бяспекі - найважнейшая з праграм, і па яе выкананні неабходна ацэньваць работу мясцовай улады, перакананы губернатар. Акцэнт у яе рэалізацыі робіцца на ахове здароўя, але яна тычыцца ўсіх: аграпрамысловага комплексу, МУС, адукацыі, прамысловасці, кіраўнікоў раёнаў, прадпрыемстваў, дэпутатаў, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Ён падвергнуў крытыцы дзейнасць устаноў адукацыі па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Па дадзеных апытанняў, кожны другі студэнт ВНУ курыць, кожны трэці не цураецца спіртнога. Не ў поўнай меры ўпраўленнем ЖКГ рэалізуецца праграма "Чыстая вада". Дэфіцыт сродкаў на яе выкананне складае каля Br50 млрд. Ад патрабаванняў часу адстае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне лячэбных устаноў, не на належным узроўні знаходзіцца вытворчая санітарыя. Яшчэ адной вострай праблемай вобласці з'яўляецца выезд насельніцтва за межы рэгіёна. У 2009 годзе сальда міграцыі склалася мінус 468 чалавек. Больш за ўсё жыхароў пакідаюць Гарадоцкі, Аршанскі, Мёрскі і Шаркаўшчынскі раёны. У 2009 годзе вобласць мела самы высокі паказчык смяротнасці ў рэспубліцы - 16,2 праміле, у студзені 2010 года гэты паказчык склаў 17,9. Павялічыўся паказчык дзіцячай смяротнасці, які ў студзені бягучага года склаў 5,8 праміле. За 2009 год натуральны ўбытак насельніцтва вобласці склаў мінус 7365 чалавек, а за студзень 2010 года - мінус 800 чалавек.-0-