Вытворчасць замарожаных паўфабрыкатаў з бульбы на Талачынскім кансервавым заводзе павялічана амаль у 2,5 раза

Перспектыўнасць інвестыцыйных праектаў заўсёды ацэньваецца іх эканамічнай эфектыўнасцю. Гэта асабліва важна там, дзе бяруцца за маштабныя і затратныя ў плане фінансаў імпартазамяшчальныя праекты, накіраваныя на ўзмацненне харчовай бяспекі краіны. Вырошчванне і перапрацоўка сельгаспрадукцыі, зніжэнне яе сабекошту і выпуск эксклюзіўных беларускіх тавараў — галоўная мэта для прадпрыемстваў, якія працуюць у аграрнай галіне. У Віцебскай вобласці зараз рэалізуюць 23 праекты ў сферы жывёлагадоўлі і 15 — па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Усе яны з дзяржаўнай падтрымкай.
Вытворчасць беларускай бульбы фры аказалася перспектыўнай справай.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Шакавая перабудова ў сусветных палітычных, эканамічных, фінансавых адносінах прымушае кожную краіну думаць не толькі аб ахоўных і кампенсуючых мерах. Трэба пралічваць стратэгічныя перспектывы развіцця нацыянальнай эканомікі (а значыць, і дзяржавы), гэта значыць глядзець у будучыню.

На нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў, 20 кастрычніка 2023 года

Прыклады эфектыўнага гаспадарання — як доказ правільна выбраных эканамічных арыенціраў, удалага спалучэння вытворчай тактыкі і стратэгіі. За першыя два месяцы бягучага года РУП «Талачынскі кансервавы завод» паказала пазітыўную тэндэнцыю: тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці замарожаных паўфабрыкатаў з бульбы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га тут дасягнулі амаль 230 працэнтаў. Павялічваюцца паказчыкі і ў сакавіку. А атрымаць такія вынікі вытворцам дапамагае новы цэх па вытворчасці бульбы фры і долек, пабудаваны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця два гады таму. Галоўны эканаміст прадпрыемства Алена Новікава паведаміла:

— З пачатку 2024-га мы выпусцілі ўжо без малога 700 тон запатрабаванай прадукцыі. Асвоілі каля дзясятка найменняў бульбы фры і разнастайных бульбяных долек. Працуем практычна з усімі вядучымі прадпрыемствамі грамадскага харчавання і рознічнага гандлю Беларусі. Заключаны даўгастрокавыя кантракты з замежнымі партнёрамі — прыкладна каля 50 працэнтаў вырабленых паўфабрыкатаў ідзе на экспарт у Расійскай Федэрацыі. Пробныя партыі прадукцыі пастаўлены таксама ў Абхазію і Казахстан.

Вытворчасць беларускай бульбы фры (а гэта звыш 70 працэнтаў усіх аб'ёмаў, што выпускаюцца цэхам) аказалася перспектыўнай справай. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы Талачынскі кансервавы завод змог своечасова заняць свабодную нішу на рынку. Попыт на прадукт расце. Каб цалкам яго задаволіць, у гэтым сезоне бульбаводы прадпрыемства вырашылі правесці стратэгічнае пераразмеркаванне пасяўных плошчаў. 

— Пралічылі ўсе нюансы, ацанілі перспектывы і прыйшлі да высновы: неабходна паменшыць плантацыі харчовай бульбы, на якую падае попыт, — дзеліцца планамі Алена Новікава. — Гэта дасць магчымасць, не змяняючы агульную структуру палёў і культур, удвая павялічыць пасяўныя плошчы тых сартоў, якія найбольш аптымальныя для выпуску бульбы фры, з 400 амаль да 800 гектараў.

Дарэчы, у цяперашні час Талачынскі кансервавы завод, які з'яўляецца найбуйнейшым у краіне вытворцам бульбы, штогод адводзіць пад яго пасадку 1100 гектараў. Летась тут сабралі амаль 50,5 тысячы тон клубняў. Атрыманай сыравіны для вытворчасці паўфабрыкатаў, як разлічваюць перапрацоўшчыкі, хопіць да новага ўраджаю. 

Наперадзе чарговыя праекты. Цяпер талачынцы будуюць новае сучаснае бульбасховішча на 20 тысяч тон. А ў жніўні — верасні будзе здадзена ў эксплуатацыю першая ў гісторыі прадпрыемства сістэма кропельнага паліву саду на 120 гектараў. Практычна палова яблынь змогуць атрымліваць жыватворную вільгаць у патрэбным аб'ёме. У выніку — павелічэнне пладаноснасці дрэў, значнае павышэнне якасці самага ўраджаю, паляпшэнне таварнага выгляду наліўных яблыкаў.