Выпускнік віцебскай гімназіі ўзяў «серабро» на Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе ў Канадзе

Антон Жыльцоў, учорашні выпускнік віцебскай гімназіі №2, а цяпер студэнт БДУ, нядаўна стаў сярэбраным прызёрам XV Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды iGeo у Квебеку (Канада).

У складзе зборнай Беларусі было чацвёра школьнікаў, і трое з іх заваявалі срэбра інтэлектуальнага форуму, у якім удзельнічалі 167 старэйшакласнікаў з 43 краін свету.

Антон захапіўся геаграфіяй яшчэ хлапчуком – дзякуючы бацьку, які не шкадаваў грошай на карты і энцыклапедыі, вучыў разам з сынам сталіцы дзяржаў. Сям'я алімпіядніка цалкам звычайная: бацька працуе кіроўцам, маці – загадчыцай медыцынскай лабараторыі. Стаць на крыло захопленаму хлопчыку дапамог настаўнік геаграфіі гімназіі №2 Сяргей Крывенка, ён заўважыў Антона, калі той вучыўся яшчэ ў шостым класе, запрасіў у клуб «Што? Дзе? Калі?». Гадзін геаграфіі ў беларускіх школах няшмат, але Сяргей Мікалаевіч кампенсуе гэта інтэлектуальнымі гульнямі, якія арганізуе ў гімназіі, ды і не толькі.

– Для падобных спаборніцтваў патрэбны шырокі кругагляд, – распавёў педагог, у якога 10 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і тры – міжнароднай. – Геаграфія – гэта прадмет, які пашырае кругагляд. У гімназіі шмат таленавітых дзяцей, але вельмі важна знайсці «сваіх», закаханых у геаграфію. Чым раней гэта здараецца, тым лепш. Потым мы доўга і шмат працуем, развіваемся. Фінал усяго гэтага – алімпіяды. Маё найвышэйшае дасягненне як педагога, напэўна, у тым, што выпускнікі-пераможцы ведаюць больш за мяне.

Антон Жыльцоў прайшоў доўгі шлях, перш чым трапіў у Квебек. Сперш перамог у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, затым узяў дыплом другой ступені на рэспубліканскім. Вытрымаў дадатковы адбор на англійскай мове (гэта рабочая мова iGeo), удзельнічаў у двухтыднёвых зборах, дзе з 12 кандыдатаў засталіся толькі чацвёра. Генеральная рэпетыцыя міжнароднай алімпіяды – Baltic iGeo у Латвіі, дзе Антон у чэрвені заваяваў бронзавы медаль.

Па словах таленавітага хлопца, патрабаванні да ведаў на iGeo і на нашых прадметных алімпіядах адрозніваюцца – у Беларусі складаней.

– У праграме міжнароднай алімпіяды тры этапы: тэарэтычны, палявы і мультымедыйны, – расказаў Антон. – У Беларусі нароўні з практычнымі ўменнямі патрабуецца веданне вялікіх аб'ёмаў фактаграфічнага матэрыялу, а на iGeo галоўнае – заданні на логіку, аналіз, прасторавае мысленне, больш практыкі. Напрыклад, мы вывучалі заіленне ўзбярэжжа, а таксама наносілі на карту і апісвалі ў адным з правінцыйных гарадкоў аб'екты, якія ўяўляюць культурную каштоўнасць.

– Антон сціпласць, – дадаў Сяргей Крывенка. – Тэарэтычная база, вядома, на такім узроўні неабходная. Проста ў яго яна выдатная, яму ўжо ўсё здаецца нескладаным.

Беларуская каманда знаходзілася ў Канадзе ў першы тыдзень жніўня, для ўдзельнікаў iGeo арганізавалі насычаную культурную праграму: экскурсіі па горадзе, наведванне самага вялікага прыроднага запаведніка Канады, культурныя прэзентацыі ўсіх краін-удзельніц.

На думку Антона, сакрэт яго поспеху ў працавітасці і працаздольнасці.

– Таму мая галоўная мара – проста адпачыць, але зноў няма часу – трэба зноў вучыцца, – з усмешкай адзначыў малады чалавек.

Зрэшты, завучкам хлопца назваць цяжка – ён скончыў музычную школу, грае на гітары ў уласным гурце. Цяпер Антон у Мінску – без экзаменаў паступіў на геафак БДУ, асвойвае спецыяльнасць «Геаінфармацыйныя сістэмы» і марыць пра новыя дасягненні, ставіць перад сабой ужо прафесійныя мэты. І, мне здаецца, усё ў Антона атрымаецца.

"Віцебскія весці".