Выпускныя экзамены ў школах Беларусі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня

Выпускныя экзамены ў школах Беларусі пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі – начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова на прэс-канферэнцыі "Аб завяршэнні навучальнага года і правядзенні выпускных экзаменаў. Пытанні арганізацыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў летні перыяд", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пытанні правядзення выпускных экзаменаў у школах Беларусі сёлета засталіся нязменнымі ў параўнанні з папярэднім навучальным годам. Яны пройдуць з 1 па 9 чэрвеня. Пералік прадметаў, па якіх навучэнцы выпускных класаў здаюць выпускныя экзамены, а таксама формы іх правядзення таксама не змяніліся. Нагадаю, дзевяцікласнікам трэба будзе здаць тры абавязковыя выпускныя экзамены: руская мова (дыктант), беларуская мова (дыктант), матэматыка (кантрольная работа). Працягласць кантрольнай работы па матэматыцы складае чатыры астранамічныя гадзіны. Час правядзення экзаменаў па рускай і беларускай мовах – адна астранамічная гадзіна. Навучэнцы 11-х класаў здаюць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: руская або беларуская мова па выбары навучэнца (пераказ), матэматыка (кантрольная работа). А таксама два вусныя экзамены: гісторыя Беларусі і замежная мова. Працягласць кантрольнай работы па матэматыцы ў гэтым выпадку складае пяць астранамічных гадзін, час напісання пераказу – чатыры астранамічныя гадзіны. На падрыхтоўку для адказу па білеце адводзіцца 30 хвілін", – распавяла Ірына Каржова.

Міністэрствам адукацыі вызначаны наступныя даты для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме: 1, 3, 6 чэрвеня будуць абвяшчацца тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у 11-м класе, 2, 7, 9 чэрвеня - у 9-м класе. Канчатковыя расклады навучальных заняткаў зацвярджаюцца кіраўніком установы адукацыі. Пры складанні гэтага раскладу ў першую чаргу ўлічваюцца тэрміны, устаноўленыя Міністэрствам адукацыі для правядзення пісьмовых работ. Недапушчальна, каб у адзін дзень было больш аднаго выпускнога экзамену, прамежак паміж імі павінен складаць не менш аднаго дня.

Як і ў папярэднія гады, тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць абвяшчацца ў прамым эфіры па "Беларусь 1", а таксама будуць размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі.

Катэгорыі навучэнцаў, якія могуць быць вызвалены ад выпускных экзаменаў, таксама засталіся нязменнымі ў параўнанні з папярэднім навучальным годам. "Гэта навучэнцы, якія з'яўляюцца кандыдатамі ў каманды Беларусі для ўдзелу ў прадметных міжнародных алімпіядах і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах. Падлягаюць вызваленню навучэнцы па лініі Міністэрства спорту - гэта тыя навучэнцы, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі спартыўных мерапрыемстваў або збораў па падрыхтоўцы да іх, калі тэрміны правядзення спартыўных мерапрыемстваў і збораў супадаюць з датамі правядзення выпускных экзаменаў. Вызваленню ад выпускных экзаменаў падлягаюць навучэнцы па медыцынскіх паказаннях, калі хвароба ўключана ў пералік медыцынскіх паказанняў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя, а таксама навучэнцы, якія навучаюцца на даму і маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. Ад выпускных экзаменаў вызваляюцца і пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах", - праінфармавала кіраўнік.

Ірына Каржова адзначыла: пераможцам алімпіяды па адпаведным вучэбным прадмеце выстаўляецца 10 балаў. "Вызваленым ад выпускных экзаменаў па іншых падставах у якасці выніковых выстаўляюцца гадавыя адзнакі. Адзнакі, атрыманыя вучнямі на выпускных экзаменах, якія праводзяцца ў вуснай форме, аб'яўляюцца пасля заканчэння выпускнога экзамену, а ў пісьмовай форме - не пазней, чым за адзін дзень да правядзення наступнага выпускнога экзамену. Экзаменацыйныя выніковыя адзнакі, гадавыя адзнакі па вучэбных прадметах перагляду не падлягаюць. За вырашэнне ўсіх пытанняў, звязаных з заканчэннем навучальнага года, арганізацыяй правядзення выпускных экзаменаў ва ўстановах адукацыі персанальную адказнасць нясуць кіраўнікі ўстаноў адукацыі", - заключыла яна.