Выпускныя вечары пройдуць у школах Віцебскай вобласці 11 чэрвеня
20 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выпускныя вечары пройдуць у Віцебскай вобласці 11 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усе выпускныя балы адбудуцца ва ўстановах адукацыі рэгіёна 11-12 чэрвеня. Упраўленне адукацыі выступае супраць правядзення гэтых мерапрыемстваў на базе рэстаранаў і іншых аб'ектаў харчавання, паколькі ў іх магчымы продаж спіртнога. "Ужыванне алкаголю на выпускным вечары недапушчальна, бо ўчарашнія школьнікі ўсё яшчэ па вялікім рахунку дзеці. Акрамя таго, гэта дыскрэдытуе педагогаў", - падкрэсліў Іван Шчурок.
Разам з тым адсутнасць на сталах выпускнікоў спіртных напояў не азначае пазбаўленне іх свята. "Усё будзе арганізавана весела, маляўніча і ярка", - адзначыў прадстаўнік аблвыканкама.
Навучальны год завяршаецца 31 мая, а апошні званок прагучыць для навучэнцаў базавых і сярэдніх агульнаадукацыйных школ Віцебскай вобласці 29 мая. Выпускнікамі стануць каля 23 тыс. дзяцей.-0-