Выпускныя вечары ў Віцебскай вобласці пройдуць ва ўстановах адукацыі і без спіртнога

29 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выпускныя вечары ў агульнаадукацыйных школах Віцебскай вобласці пройдуць ва ўстановах адукацыі і без спіртнога. Загад аб гэтым выдадзены ў абласным упраўленні адукацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Сёлета ўпершыню пасля шматгадовага перапынку выпускнікі, атрымаўшы атэстаты, святочна адзначуць сваё ўступленне ў дарослае жыццё ў сценах родных школ. Абласное ўпраўленне адукацыі дазволіла правесці ў сталовых і кафэ навучальных устаноў фуршэты і салодкія сталы ў гонар атрымання першага дакумента аб адукацыі. У выпадку, калі колькасці месцаў у школьных сталовых будзе недастаткова, магчыма арэнда памяшканняў на аб'ектах грамадскага харчавання, дадаў Іван Шчурок. Аднак і ў школах, і ў кафэ накладзена строгая забарона на ўжыванне выпускнікамі спіртнога, аж да шампанскага. Персанальную адказнасць за выкананне гэтага загаду будуць несці кіраўнікі гарадскіх і раённых аддзелаў адукацыі і дырэктары школ. Класныя кіраўнікі будуць суправаджаць сваіх выпускнікоў на працягу ўсяго свята і разам з імі па традыцыі сустрэнуць світанак. Сачыць за парадкам на выпускных таксама будуць супрацоўнікі міліцыі. Упраўленне адукацыі рэкамендавала правесці ўрачыстыя вечары ў гонар уручэння атэстатаў 12 чэрвеня. Сёлета ў Віцебскай вобласці дакументы аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі атрымаюць 13288 юнакоў і дзяўчат, з іх 6951 - выпускнікі XI класаў, пасведчанні аб заканчэнні базавай школы атрымаюць 28454 выпускнікі.-0-