Вырошчванне асятровых відаў рыб у Беларусі да 2012 года плануецца павялічыць амаль у тры разы

30 верасня, Віцебская вобласць /Наталля Ільічова - БЕЛТА/. У Беларусі да 2012 года аб'ём вырошчвання таварных высокакаштоўных відаў рыб плануецца давесці да 590 т, у тым ліку асятровіх да 180 т, ласосевых да 240 т, самовых - да 170 т. Аб гэтым паведаміў сёння дырэктар дэпартамента па меліярацыі і водных рэсурсах Мінсельгасхарчу Беларусі Анатоль Булыня падчас семінара, які праводзіць Палата прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Анатоль Булыня паведаміў, што ў 2009 годзе плануецца атрымаць таварнай прадукцыі асятровіх рыб каля 65 т, вясёлкавай стронгі - каля 55 т, самовых - каля 25 т. У мінулым годзе рыбаводныя арганізацыі Беларусі вырабілі 34 т асятровіх, 15 т вясёлкавай стронгі, 7 т самовых. Павелічэння вытворчасці каштоўных відаў рыб мяркуецца дасягнуць за кошт будаўніцтва спецыялізаваных таварных гаспадарак магутнасцю ад 20 т да 100 т, рэканструкцыі вытворчых плошчаў і стварэння ўстановак замкнёнага водазабеспячэння. Дырэктар дэпартамента Мінсельгасхарчу адзначыў, што сёння ў Расіі ідзе актыўны перагляд прыярытэтных напрамкаў у рыбаводстве. Эксперты лічаць, што назрэў момант, калі ад культывавання "народнай" рыбы (карп, карась) пара пераходзіць на вытворчасць больш каштоўных рыб і выпуск прадукцыі з іх. У паўночна-заходніх раёнах Расіі актыўна развіваецца стронгаводства, і патрэбы ўнутранага рынку ў бліжэйшы час плануецца закрыць уласнай вырашчанай прадукцыяй. Цікавы і кітайскі вопыт. Вырошчванне рыбы ўключана ў спіс дзяржаўных прыярытэтаў. У кітайцаў у ходзе лозунг: "У кожным вадаёме павінна быць рыба!". Сёння Кітай займае перадавыя пазіцыі ў сусветным экспарце асятровіх. Развіццё вытворчасці асятровіх і ласосевых відаў рыб у Беларусі грунтуецца ў асноўным на завозным рыбапасадочным матэрыяле. Выдаткі, звязаныя з набыццём такога матэрыялу, складаюць ад 40 да 50% кошту вырошчваемай рыбы, што з'яўляецца стрымліваючым фактарам. Аднак пасля 2011 года рыбгасы Беларусі пачнуць забяспечваць уласныя патрэбы ў рыбапасадочным матэрыяле асятровіх відаў рыб, падкрэсліў Анатоль Булыня.-0-