Вышыванкі на шчасце атрымаюць малышы ў радзільнях Віцебшчыны ў межах акцыі БРСМ

На Віцебшчыне заўтра стартуе акцыя «Падары немаўляці вышыванку», пра гэта расказаў выканаючы абавязкі першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол. 

Маладзёжная ініцыятыва, сімвалам якой стала кашуля-абярэг з нацыянальным каларытам, пройдзе ў Віцебскім абласным клінічным радзільным доме. Шчаслівых бацькоў і малых актывісты БРСМ сустрэнуць беларускімі песнямі і вершамі, а таксама падораць сувеніры з элементамі беларускага арнаменту.

– З спрадвечных часоў беларусы вышывалі адзенне характэрным арнаментам, ператвараючы яго ў своеасаблівы абярэг, які з часам стаў сімвалам нацыі. Мы хочам, каб такі сімвал з самага нараджэння абвярэг кожнага малога беларуса, у нашых падарунках змяшчаецца менавіта такі пасыл, – растлумачыў Вячаслаў Хрол.

Урачыстыя мерапрыемствы таксама пройдуць у радзільных дамах і радзільных аддзяленнях Лепеля, Оршы, Наваполацка, Талачына, Пастаў, Чашнікаў, Браслава, Верхнядзвінска і інш.

Даведка «ВВ»: Акцыя «Падары немаўляці вышыванку» праводзіцца ў рамках рэспубліканскага маладзёжнага праекта «Беларусь – крынiца натхнення», накіраванага на пашырэнне культурнага асяроддзя і духоўнай свядомасці беларусаў, захаванне звязваючай ніці пакаленняў, садзейнічанне развіццю і рэалізацыі маладзёжных грамадска значных ініцыятыў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і за яе межамі, узаемнае ўзбагачэнне вопытам работы ў справе захавання традыцыйных культурных каштоўнасцей.

Усе мерапрыемствы, што праводзяцца ў рамках праекта, аб'яднаны ідэяй аб тым, што крыніцай натхнення для творчасці, развіцця, стваральнай працы сучасных беларусаў з'яўляюцца найбагацейшыя традыцыі і гісторыя Беларусі, найвялікшая культурная спадчына мінулых пакаленняў, любоў і павага да Радзімы.

«Віцебскія весці».