Вышэйшую кваліфікацыю маюць амаль 80% педагогаў Віцебскай вобласці

24 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці якасць адукацыі забяспечваецца за кошт высокакваліфікаваных кадраў. Такое меркаванне выказаў сёння начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок у ходзе прамой лініі з насельніцтвам рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "78% педагогаў Віцебскай вобласці маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, атрымаць якую можна, толькі сапраўды з'яўляючыся прафесіяналам. Акрамя таго, 91% нашых настаўнікаў - з вышэйшай адукацыяй", - падкрэсліў Іван Шчурок. Ён таксама адзначыў, што астатнія педагогі пастаянна працуюць над павышэннем сваёй кваліфікацыі. Напрыклад, у цяперашні час 1,4 тыс. настаўнікаў вобласці завочна атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў розных ВНУ. Якасная падрыхтоўка педагогаў дазваляе дамагчыся значных вынікаў у навучанні дзяцей, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды, заваяваныя школьнікамі Віцебскай вобласці на прадметных рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. Істотную ролю ў атрыманні дзецьмі якаснай адукацыі адыгрываюць і бацькі, упэўнены Іван Шчурок. Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці 62% бацькоў жадаюць, каб іх дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, і ўсебакова займаюцца з імі для дасягнення гэтай мэты. Вынік сумеснай працы бацькоў і педагогаў найбольш ярка дэманструюць лічбы: 57% выпускнікоў школ рэгіёна паступаюць у ВНУ. "Гэта вельмі добры паказчык", - падкрэсліў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі. Арганізацыі якаснага навучання ў рэгіёне спрыяе і пастаянная ўвага да гэтага пытання органаў улады. Штогод на сістэму адукацыі накіроўваюцца вялікія сродкі. У гэтым годзе іх аб'ём у вобласці склаў Br780 млрд. У 2011 годзе, па папярэдніх дадзеных, фінансаванне можа перавысіць Br1 трлн. З пачатку навучальнага года прайшоў ужо фактычна месяц. Сённяшняя прамая лінія ставіла перад сабой мэту выявіць праблемы, якія ўзніклі з пачаткам навучання дзяцей або не вырашаныя ў ходзе падрыхтоўкі да 1 верасня. За тры гадзіны начальніку абласнога ўпраўлення адукацыі паступіла каля 20 званкоў ад бацькоў і педагогаў. Людзей хвалявала недахоп дзіцячых садкоў у новым мікрараёне Білева-1 абласнога цэнтра, высокая напаўняльнасць класаў, арганізацыя навучальнага працэсу, забеспячэнне харчаваннем, льготы навучэнцаў у ВНУ. Недаўменне бацькоў выклікала стварэнне на базе адной са школ Віцебска двух першых класаў, навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў у якіх арганізавана па раздзельным прынцыпе. Усе звароты будуць уважліва разгледжаны з прыняццем адпаведных мер, падкрэсліў Іван Шчурок.-0-