Выстава дзіцячага малюнка "Памяць пакаленняў" адкрылася ў Віцебску
22 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абласная выстаўка дзіцячага малюнка "Памяць пакаленняў", прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрылася ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным аб'яднанні па пазашкольнай рабоце, на базе якога яна праходзіць.
У экспазіцыі прадстаўлена 250 малюнкаў рознага фармату. Гэта лепшыя работы навучэнцаў, адабраныя ў ходзе раней праведзеных рэгіянальных выставак. У сваіх творах юныя мастакі ахапілі як ваенны, так і мірны час. На малюнках адлюстраваны танкавыя, паветраныя, марскія бітвы, побыт вайскоўцаў і партызан, жыццё мірнага насельніцтва ва ўмовах блакады, доўгачаканы салют Перамогі, вяртанне герояў дадому. Не менш цікава і кранальна хлопцы ўвасобілі наступныя 65 мірных гадоў. Гэта штогадовыя святочныя шэсці да Дня Перамогі, партрэты ветэранаў і ўдзельнікаў баявых дзеянняў, ускладанне кветак і вянкоў да помнікаў, сустрэчы пакаленняў і многае іншае.
Мэта правядзення выстаўкі - прыцягнуць увагу школьнікаў да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, прывіваць ім пачуццё патрыятызму, грамадзянскага доўгу. Экспазіцыя заклікана прадэманстраваць актыўны ўдзел дзяцей у жыцці ветэранаў, іх беражлівае стаўленне да сваёй гісторыі.-0-