Выстава французскай мастачкі Ф.Лімузі пачала падарожжа па Беларусі з арт-цэнтра М.Шагала ў Віцебску
3 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выстава французскай мастачкі Франсуазы Лімузі "Вада і скала" пачала сваё падарожжа па Беларусі з арт-цэнтра Марка Шагала ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА з вернісажу.
Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мішэль Рэнэры: "Усе французы, знаёмыя з Беларуссю, шчыра яе любяць. Падобныя выставы спрыяюць збліжэнню і ўзаемаразуменню народаў, таму сумесныя праекты, не толькі ў культуры, але і ў эканоміцы, будуць працягнуты".
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч ад імя аблвыканкама і Віцебскага гарвыканкама падзякаваў гасцей за прадастаўленую магчымасць азнаёміцца з сучасным мастацтвам Францыі. "Гэта стане першым крокам да плённага супрацоўніцтва Віцебскай вобласці з Францыяй", - упэўнены ён.
Франсуаза Лімузі назвала сваю выставу ў Беларусі натуральнай. "Ваш вялікі Шагал прыехаў у маю родную Каталонію, каб там тварыць і сустрэць сяброў. І я прыехала па яго слядах у яго родны горад, прывёзшы з сабой усе самыя сяброўскія пачуцці да вас", - з хваляваннем сказала яна. Некалькі пейзажаў яна напісала спецыяльна для выставы ў Беларусі.
Асноўнай тэмай творчасці мастачкі з'яўляецца прырода. Франсуаза Лімузі піша акварэллю, акрылавымі фарбамі, тушшу. Пасля Віцебска выстава адправіцца ў Гомель, а восенню яна будзе дэманстравацца ў Мінску на Тыдні сучаснага мастацтва.-0-