Выстава мастацтва Карэі ўпершыню прадстаўлена ў Віцебску
Экспазіцыя не толькі значна пашырыла на ўсход геаграфію фестывалю, але і стала чарговым крокам у развіцці культурнага супрацоўніцтва Беларусі і КНДР.
У межах «Славянскага базару» наведвальнікі Краязнаўчага музея могуць убачыць больш за 220 работ – карціны ад Пхеньянскага інстытута вышыўкі, выкананыя шаўковай гладдзю, карэйская фарфор, пано-мазаікі з ракавін і пёраў, кераміку, фота, кнігі і паштовыя маркі.
Прадстаўнік Пасольства КНДР у Рэспубліцы Беларусь Чжон Сэ Нал распавёў, што Віцебск першым з абласных цэнтраў атрымаў магчымасць азнаёміцца з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і творчасцю сучасных народных майстроў, да гэтага выстава экспанавалася толькі ў Мінску. Ён таксама адзначыў, што дадзены праект Пасольства КНДР у Беларусі ў межах «Славянскага базару» прысвечаны двум знакавым падзеям грамадска-палітычнага жыцця абедзвюх краін – нядаўняму святкаванню Дня Незалежнасці Беларусі і 70-годдзю ўтварэння КНДР, якое будзе адзначацца ў верасні.
– Паміж нашымі краінамі кантакт існуе яшчэ з часоў СССР. КНДР у ліку першых краін прызнала Незалежнасць Беларусі, а ў 2016 годзе тут адкрылася Пасольства КНДР, што сведчыць аб развіцці адносін з вашай мірнай і спакойнай рэспублікай. Наша краіна зацікаўлена ў пашырэнні кантактаў з Беларуссю, і гэтая выстава – добры прыклад культурнага супрацоўніцтва, якое, спадзяюся, і надалей будзе працягвацца. Гэта дапаможа сфарміраваць у беларусаў правільнае ўяўленне аб працавітым і таленавітым народзе Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, – распавёў спадар Чжон Сэ Нал.
Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі, у сваю чаргу, прапанаваў гасцям азнаёміцца з нацыянальнымі беларускімі традыцыямі і рамёствамі, шырока прадстаўленымі на кірмашы майстроў у фестывальным Віцебску, а таксама выказаў надзею, што ў межах падобных праектаў наша народнае мастацтва і культуру ўбачаць жыхары Пхеньяна і іншых гарадоў КНДР.