Выстава-кірмаш беларускіх тавараў стане адным з мерапрыемстваў Дня горада Пскова
23 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выстава-кірмаш беларускіх тавараў адкрылася сёння ў Пскове. У мерапрыемстве, якое ўпісана ў фармат святкавання Дня горада, што праходзіць з 23 па 26 ліпеня, прымаюць удзел больш за 20 прадпрыемстваў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аддзяленні БелГПП, якое з'яўляецца арганізатарам выставы.
Беларускія вытворцы прадэманструюць шырокі спектр тавараў - ад прадуктаў харчавання да вырабаў лёгкай прамысловасці - і маюць намер пашырыць уласную спажывецкую аўдыторыю ў прыгранічным расійскім рэгіёне. Фармат выставы-кірмашу ўключае дзелавыя сустрэчы з патэнцыйнымі расійскімі партнёрамі па пытаннях арганізацыі прамых паставак беларускіх тавараў у Пскоўскую вобласць.
Падобнае мерапрыемства Віцебскае аддзяленне БелГПП арганізавала ў Пскове ўпершыню і плануе праводзіць яго на пастаяннай аснове прыкладна раз у квартал.
Сёлета аддзяленне актывізавала работу па ўмацаванні ўзаемадзеяння з прыгранічнымі абласцямі Расіі і краінамі Балтыі. У першым паўгоддзі арганізавана каля дзясятка выставачнх мерапрыемстваў у Смаленску і раёнах Санкт-Пецярбурга, дзе кірмашы сталі ўжо звыклым атрыбутам выхадных дзён. Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі пастаяннай выставы-кірмашу ў Паўночнай адміністрацыйнай акрузе Масквы, з якой у Віцебскай вобласці заключаны дагавор аб супрацоўніцтве.-0-