Выстава-кірмаш малога бізнесу пройдзе ў Віцебску 10-17 ліпеня
Прадстаўнікі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калугі і Смаленска прымуць удзел у бізнес-канферэнцыі, якая пройдзе ў Віцебску 10 ліпеня на XIII Рэспубліканскай выстаўцы-кірмашы "Малы бізнес у фестывальным Віцебску". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу.
Бізнес-канферэнцыя "Дзяржаўная падтрымка прадпрымальніцтва. Дасягненні і метады далейшага развіцця інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва" праводзіцца для ўстанаўлення кааперацыі паміж айчыннымі і замежнымі прадпрымальнікамі. У мерапрыемстве запланаваны ўдзел прадстаўнікоў дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі, кіраўнікоў упраўленняў прадпрымальніцтва Віцебска і Мінска, а таксама прадстаўнікоў адміністрацый Маскоўскага раёна Санкт-Пецярбурга, Маскоўскай ГПП, Дзяржаўнага фонду прадпрымальніцтва Калужскай вобласці, горада Смаленска.
XIII Рэспубліканская выстаўка-кірмаш "Малы бізнес у фестывальным Віцебску" будзе працаваць у абласным цэнтры з 10 па 17 ліпеня: на тэрыторыі культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна", каля канцэртнай залы "Віцебск", на вуліцы Суворава. Тут свае выставачныя стэнды размесцяць каля 40 прадпрыемстваў розных сфер вытворчасці.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены тавары народнага спажывання, у тым ліку тэкстыльныя і трыкатажныя, футравыя і скураныя, а таксама тавары для інтэр'еру, посуд, крышталь, сувеніры.
У аматараў эксклюзіўных рэчаў асаблівую цікавасць выкліча экспазіцыя, якая размесціцца на вуліцы Суворава. Тут будуць прадстаўлены унікальныя вырабы: ніжненгародскія абразы, валгаградскія хусткі, тульскія гармонікі.
Арганізатарамі выстаўкі-кірмашу з'яўляюцца Віцебскі аблвыканкам, дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі, Віцебскі гарвыканкам, камунальнае кансалтынгавае унітарнае прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу".