Выстава-кірмаш "Малы бізнес у фестывальным Віцебску" традыцыйна сабрала ўдзельнікаў з Расіі і Беларусі

Выстава-кірмаш "Малы бізнес у фестывальным Віцебску" традыцыйна сабрала ўдзельнікаў з самых розных кропак Расіі і Беларусі: Масква, Санкт-Пецярбург, Алтайскі край, Мінск, Навагрудак, Мазыр, Светлагорск. Тут можна загадзя падрыхтавацца да пахаладання, набыўшы футравае паліто, адшукаць унікальную ільняную пасцілку з "сюрпрызам" унутры і адкрыць для сябе мноства іншай карыснай прадукцыі таленавітых вытворцаў-удзельнікаў кірмашу.

Размясцілася выстава на вуліцы Замкавай і ў павільёне ля комплексу "Залатое кальцо горада Віцебска". Прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі гатовыя парадаваць самых патрабавальных гасцей і жыхароў Віцебска сваёй прадукцыяй.

Шырока прадстаўлена дызайнерская адзежа з натуральных тканін, футравыя вырабы, спартыўная адзежа для актыўнага адпачынку і нават паліто з вышыўкай ручной працы ад віцебскіх прадпрымальнікаў. Сярод намётаў з дызайнерскай адзежай размешчаны подыум, дзе з цікавасцю можна паназіраць за дэманстрацыяй вырабаў мадэлямі.

Расійскае выдавецтва з Санкт-Пецярбурга «Прамова» прапануе дзіцячыя кнігі. У асноўным тут перавыдаюць савецкую літаратуру з тымі ілюстрацыямі, якія былі калісьці. І такі падыход карыстаецца попытам. А ў Віцебск гэтыя госці прыехалі ўпершыню.

Сярод вытанчаных і незвычайных тавараў – прадукцыя Алтайскага краю. Мёд, ільняныя пасцілкі, травы, настоі, вітаміны з акуліным тлушчам – сапраўдная натуральная аптэка разгарнулася на выставе-кірмашы. Прадстаўнік пастаўшчыка прадукцыі падзялілася некаторымі сакрэтамі: "Вось, напрыклад, бальзам з пантамі марала". Аказалася, што марал – гэта сібірскі высакародны алень, а панты – маладыя рогі. У бальзам уваходзіць настой пант, злучаны з травамі ў розных комплексах, што вызначае функцыю бальзаму: для падтрымання імунітэту і інш.

Гасцей кірмашу малога бізнесу, якія прагаладаліся, гатова накарміць гандлёвая сетка "Дыяніс", якая адкрыла для гасцей камфортную зону для адпачынку, дзе прапануецца прыгатаваная на вашых вачах страва.

Як адзначылі ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу, мэта традыцыйнай выставы-кірмаша – стымуляванне развіцця малога і сярэдняга бізнесу, развіццё канкурэнтаздольнасці, прасоўванне тавараў і паслуг, устанаўленне кааперацыі паміж айчыннымі і замежнымі вытворцамі.

Усе жадаючыя могуць дакрануцца да разнастайнасці прапаноў удзельнікаў да 19 ліпеня.

"Віцебскія весці".