Выстава-кірмаш айчынных вытворцаў для прадпрымальнікаў пачала працаваць у Віцебску
5 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дробнааптовая выстава-кірмаш віцебскіх вытворцаў для індывідуальных прадпрымальнікаў пачала працаваць у абласным цэнтры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цвяткоў.
Незвычайны кірмаш працуе на Полацкім рынку па панядзелках - у дзень, калі прыватныя гандляры здзяйсняюць аптовыя закупкі і рынак закрыты для звычайных пакупнікоў. Новая форма работы заклікана актывізаваць цікавасць прыватнага бізнесу да тавараў айчынных вытворцаў. Як адзначыў Валянцін Цвяткоў, індывідуальныя прадпрымальнікі могуць на месцы азнаёміцца з асартыментам прадукцыі, умовамі яе рэалізацыі. У сваю чаргу прадпрыемствы таксама шукаюць зручныя для малога бізнесу формы супрацоўніцтва. Напрыклад, Віцебскі плодаагароднінны камбінат прапануе свае кансервы прадпрымальнікам з адтэрміноўкай плацяжу на 30 дзён. Камбінат таксама можа дапамагчы з дастаўкай прадукцыі ў гандлёвыя кропкі. Аднак большасць вытворцаў па-ранейшаму рэалізуюць сваю прадукцыю прыватнаму бізнесу з поўнай перадаплатай кошту тавару.
Разам з віцебскімі прадпрыемствамі ў кірмашы прымаюць удзел вытворцы з Шумілінскага раёна і Оршы. Неабходнасць такой выставы для сябе адзначылі не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і прыватныя, заўважыў Валянцін Цвяткоў.
Па дадзеных камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, на 1 верасня на складах прадпрыемстваў рэгіёну заставалася прадукцыі на Br559,5 млрд. На працягу жніўня запасы скараціліся больш чым на Br60 млрд.-0-