Выстава «Калі ноч палохае дзень» Шона Ханрахана пройдзе ў Віцебску
У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва 28 жніўня ў 17.00 адбудзецца адкрыццё выставы мастака Шона Ханрахуна (Sean Hanrahan), Ірландыя.
Серыя з 6 работ выканана ў тэхніцы шаўкаграфіі – аднаго з метадаў мастацкага друку. Першапачатковая ідэя стварэння серыі – асэнсаваць агульныя культурныя карані Беларусі і Ірландыі, прывяла мастака да распрацоўкі тэмы асабістых асацыяцый, успрыманняў і ўспамінаў, прадстаўленых праз тэмы раслін, лесу, памежных станаў ночы і дня.
Выстава ірландскага мастака ў Беларусі – нагода прадставіць Ірландыю як краіну, якая выклікае ўсё большы інтарэс у Беларусі, але пра рэальнае жыццё якой мы так мала ведаем.
Мастацкі друк (у т.л. афорт, лінагравюра, шаўкаграфія і інш.) – аб'ядноўвае адны з найбольш традыцыйных, і ў той жа час сучасных выяўленчых сродкаў, якія спалучаюць творчы і тэхналагічны працэс.
У прыватнасці, у тэхніцы шаўкаграфіі выкананы многія работы Эндзі Уорхала. Друкарскія тэхнікі шырока выкарыстоўваліся ў 1920-30 гг. мастакамі Віцебскай школы (Лісіцкі, Юдовін і інш.). Пасля віцебскія друкарскія майстэрні былі зачынены, і ў цяперашні час мастацкі друк у Беларусі выкарыстоўваецца адносна рэдка.
Выстава працягнецца з 28 жніўня па 14 верасня 2014 года.
Месца правядзення: УК "Музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва", Малы выставачны зал ВЦСМ ( вул. Белабародава, 5)
Тэл. для даведак: (021) 584894 (ВЦСМ)