Выстава пра ганаровага грамадзяніна Віцебска Д.Дзімітрава адкрыецца да Дня вызвалення горада

23 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова падрыхтаваў персанальную выставу аб ганаровым грамадзяніне Віцебска балгарыне Добрыне Дзімітраве да Дня вызвалення абласнога цэнтра, які будзе адзначацца 26 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Ірына Шышкова. Экспазіцыя стане працягам выставачнага праекта, прысвечанага ганаровым грамадзянам Віцебска - удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, які рэалізуе абласны музей да 65-годдзя Перамогі. Добрын Дзімітраў, чалавек дзівоснага лёсу, удастоены гэтага звання ў 1988 годзе за мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Віцебшчыны і актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі. У гады вайны ён быў камісарам спецыяльнай разведвальна-дыверсійнай групы Першай беларускай партызанскай брыгады пад кіраўніцтвам Міная Шмырова. На выставе будуць прадстаўлены каля 40 экспанатаў, у тым ліку фатаграфіі і копіі асабістых дакументаў, якія распавядаюць аб баявым шляху Добрына Дзімітрава і яго пасляваеннай дзейнасці. Пры фарміраванні экспазіцыі выкарыстаны таксама матэрыялы з фондаў музея, якія распавядаюць аб арганізацыі партызанскага руху ў вобласці і дапамагаюць сфарміраваць уяўленне аб побыце і баявой працы ўдзельнікаў супраціву. Вялікую дапамогу музею ў падрыхтоўцы выставы аказалі пасольства Балгарыі ў Беларусі, а таксама абласная ветэранская арганізацыя, якая падтрымлівае сувязь з пражываючым у Сафіі ганаровым грамадзянінам Віцебска. "Мы запрасілі Добрына Дзімітрава наведаць Віцебск і прыняць удзел у адкрыцці выставы, але, на жаль, ён не зможа прыехаць па стане здароўя", - сказала Ірына Шышкова. Добрын Дзімітраў нарадзіўся 29 чэрвеня 1923 года. У 1925 годзе яго сям'я эмігравала ў Савецкі Саюз, бо яго бацьку на радзіме прыгаварылі да смерці за актыўны ўдзел у вераснёўскім антыфашысцкім паўстанні. У 1941 годзе Добрын скончыў сярэднюю школу ў Котаўску Тамбоўскай вобласці і ўжо ў 1942 годзе пасля завяршэння вучобы ў спецшколе Народнага камісарыята абароны быў накіраваны ў Першую беларускую партызанскую брыгаду, якая дзейнічала ў раёне Віцебска. Пад канец вайны ён скончыў лётнае вучылішча ў Тамбове, пасляваеннае жыццё Добрына Дзімітрава было звязана са службай у авіяцыі ў ВПС Балгарыі. Пік ваеннай кар'еры прыйшоўся на 1972-1977 гады, калі генерал-лейтэнант Дзімітраў быў намеснікам начальніка штаба Аб'яднаных узброеных сіл краін Варшаўскага дагавора. Мемарыяльны музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырова (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзяць чатыры экспазіцыйных залы, прысвечаныя розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га. У фондах музея захоўваецца каля 9 тыс. прадметаў. На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырова працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху. Будынак музея пабудаваны на мяжы XIX-XX стагоддзяў.-0-