Выстава аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых у гады вайны адкрылася ў Віцебску

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, Вялікая Айчынная вайна – адна з найважнейшых старонак гісторыі не толькі нашай краіны, але і ўсяго чалавецтва. Гэтая старонка амыта слязамі. Праўду пра яе важна ведаць, каб такога больш ніколі не паўтарылася.

- Мы незаслужана сталі забываць, колькі крыві і слёз праліта на гэтай зямлі, - сказаў Аляксандр Субоцін. - Гэты праект важны нават не для мёртвых, а для жывых. З'яўляецца камяк у горле, калі задумваешся, колькі на тэрыторыі Віцебскай вобласці было закатавана і знішчана людзей. А бо жыццё кожнага чалавека бясцэннае. У нас у краіне, напэўна, няма сем'яў, міма якіх прайшла вайна. Кагосьці менш, кагосьці больш гэта гора закранула. Трэба ведаць і тлумачыць маладому пакаленню, да чаго прывядзе дамінаванне адной нацыянальнасці, народа, групы людзей. Таму гэта больш чым выстава. Яна вельмі важная для самасвядомасці жыхароў Беларусі.




Гэты праект зусім невыпадкова стартаваў менавіта ў гэтым музеі. Бо генацыд адбіўся і на лёсах членаў сям'і Міная Шмырова: у прыватнасці, нацыстамі былі знішчаны яго дзеці, родная сястра.
Дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырова Ірына Шышкова прывяла некаторыя лічбы, якія ілюструюць маштабы трагедыі ў гады ВАВ на Віцебшчыне:

- На тэрыторыі Прыдзвінскага краю загінуў кожны трэці мірны жыхар, у Віцебску – кожны другі. У канцлагерах на тэрыторыі абласнога цэнтра знішчана 71 тысяча ваеннапалонных, у Германію з Віцебска згнанёна 62 тыс. чалавек. У вобласці 1513 воінскіх пахаванняў і брацкіх магіл ахвяр вайны, у якіх спачываюць больш за 505 тысяч загінулых, з іх 50 % вядомых. У сваю чаргу, пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец распавёў аб ходзе расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: - Толькі пракурорамі Віцебскай вобласці дапытана больш за 2600 жывых сведкаў тых страшных падзей, праведзена больш за 600 аглядаў месцаў здарэнняў, устаноўлена больш за 100 раней невядомых месцаў масавых пахаванняў грамадзян, якія загінулі ад рук нацыстаў і іх пасобнікаў у гады вайны, вывучаны дзясяткі тысяч старонак архіўных дакументаў. Распрацавана інтэрактыўная карта спаленых вёсак, дарэчы, у Віцебскай вобласці іх больш за 3000.





Знаёмячыся з экспанатамі выстаўкі, можна адчуць боль трагедыі. На стэндах з дапамогай фатаграфій і гістарычных дакументаў паказаны асноўныя формы генацыду, якія выкарыстоўваліся нацыстамі і іх пасобнікамі ў Віцебскай вобласці. Гэта гета, лагеры смерці і працоўныя лагеры (дзе для ваеннапалонных ствараліся невыносныя ўмовы існавання)... Цікавыя дакументы партызанскіх фарміраванняў. Пасля кожных карных аперацый партызаны складалі акты аб злачынствах нацыстаў. У гэтых дакументах, якія пацвярджаюць факты злачынстваў, можна бачыць, якія жахі тварылі вылюдкі на тэрыторыі вобласці. Пералічаны прозвішчы забітых, назвы разбураных населеных пунктаў.





На адным са стэндаў прадстаўлены прадметы людзей, якія былі расстраляны ў пасёлку Сураж. Немагчыма без спалоху сэрца глядзець на гэтыя грабянцы, брытвы, дзвярныя ключы, іншыя артэфакты. Міжволі задумаешся: што адчувалі людзі, прымусова пакідаючы дамы, ці здагадваліся, што іх чакае смерць?
Між тым, неўзабаве боль трагедыі савецкага народа ў гады ВАВ можна будзе адчуць і ў іншых рэгіёнах Віцебшчыны. Як паведаміла Ірына Шышкова, з чэрвеня выстаўку плануецца зрабіць перасоўнай. Чакаецца, што ў кожным рэгіёне вобласці яна будзе рабіць прыпынкі на 2-4 тыдні.







