Выстава велікодных яек адкрылася ў Віцебску

6 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава велікодных яек адкрылася ў Віцебскім музеі прыватных калекцый, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 150 прадметаў з прыватнага збору Ірыны Баранавай, які фарміраваўся на працягу 10 гадоў. Гэта яйкі, зробленыя з дрэва, керамікі, шкла, смалы, металу, а таксама ўпрыгожаныя ёю ўласнаручна бісерам, стужкамі, ніткамі і іншым дэкорам. Сярод экспанатаў ёсць таксама кампазіцыі на велікодную тэматыку і сімвалы велікоднага свята - курачка, кураня, заяц. У адпаведнасці з уяўленнямі нашых продкаў яйка ўвасабляе сабой сімвал Сусвету, а з узнікненнем хрысціянства - сімвал Светлага Васкрэсення Хрыстова. Традыцыя надаваць яйкам рознакаляровы выгляд цесна ўзаемазвязана з вобразам Марыі Магдаліны, якая паднесла імператару Тыберыю яйка са словамі "Хрыстос уваскрос". У адказ ён засумняваўся: "У гэта паверыць немагчыма, як у тое, калі б раптам гэтае яйка стала чырвонага колеру". І ў той жа момант белае яйка стала чырвоным. З часам яйкі сталі не толькі фарбаваць, але і багата дэкараваць. Ствараліся цэлыя унікальныя калекцыі, якія да гэтага часу ўражваюць майстэрствам свайго выканання і не перастаюць здзіўляць сучаснікаў. Напрыклад, сусветна вядомыя яйкі Фабержэ з моманту свайго стварэння сталі сінонімам раскошы і з'яўляюцца прадметам уздыханняў многіх калекцыянераў.-0-