Выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці «Восеньскі карагод» прайшла ў Віцебску

Нягледзячы на пагодлівае надвор'е і дождж на пляцоўцы каля Палаца спорту ў Віцебску было ажыўлена і шматлюдна.
Гандлёвыя кропкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны вабілі да сябе людзей за пакупкамі. Спектр прадстаўленай прадукцыі сапраўды быў шырокі. Разнастайнасць тавараў у гандлёвых палатках здзіўляла. Была прадстаўлена не толькі сельгаспрадукцыя, але вырабы з дрэва, металу, тканіны, зробленыя рукамі навучэнцаў для сям'і, дома, дачы. Набыць можна было пладова-ягадную прадукцыю, мёд, гародніну, саджанцы, кветкі, расаду.
А якія навокал віталі водары: свежая выпечка, дранікі, шашлыкі і каўбаскі, гарачыя бліны, юшка. Да некаторых палатак было не праштурхнуцца. Напрыклад, за булачкамі, смятаннікамі, тварожнікамі Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чарга не заканчвалася на працягу двух гадзін.

— На Віцебшчыне праходзіць мноства выстаў-кірмашоў. Але гэтая заўсёды здзіўляе. Сюды едуць людзі з усяго горада і прыгарада, таму што тут прадстаўлена выдатная якасць прадукцыі, прымальны на яе кошт. Тут цікава паглядзець, што новага будзе на гэты раз, чым здзівяць нашы педагогі і навучэнцы. Хоць сёння дождж, людзей, як заўсёды, шмат. Кожны знайшоў тое, для чаго ён сюды прыйшоў, - сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, які на выставе-кірмашы быў сярод першых наведвальнікаў.


Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома перакананы, што выстава-кірмаш — гэта перш за ўсё прэстыж і паказнік дзейнасці ўстаноў. Гэта і добрая прафарыентацыя прасоўвання рабочых прафесій. Тут можна знайсці больш эксклюзіўную прадукцыю, зробленую з душой і з любоўю.
Так, сваю эксклюзіўную прадукцыю прадставілі майстры вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. Яны паказвалі майстар-класы па роспісе, вырабе сувенірнай прадукцыі (брэлокі, мяшочкі з ільняной тканіны, нарыхтоўкі для ўпрыгожванняў з фаамірана і інш.).


Паспрабаваць сябе ў працэсе глазуравання, дэкаравання пернікаў можна было на майстар-класе ад Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання. Акрамя таго, прайсці міма шакшукі (арабскай яечні), прыгатаванай гэтай установай адукацыі, было немагчыма.
Увагу прыцягвалі дзіцячая драўляная горка-домік і велізарны каваны карабель, зробленыя навучэнцамі і выкладчыкамі-майстрамі вытворчага профілю Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.
«Восеньскі карагод» чарговы раз парадаваў пакупнікоў. З выставы-продажу ніхто не сышоў з пустымі рукамі.






