Выстава твораў Юрыя Пэна адкрылася ў Віцебску
15 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выстаўка жывапісных работ вучня Ільі Рэпіна і настаўніка Марка Шагала Юрыя Пэна адкрылася сёння ў філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея - Мастацкім музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстаўка прысвечана 155-годдзю з дня нараджэння мастака і ўключае як раней экспанаваныя палотны Юрыя Пэна, так і невядомыя шырокай публіцы творы з запаснікаў музея. Асаблівую цікавасць у гледачоў павінны выклікаць пейзажныя этюды, тэмпераментныя і сакавітыя, яны яшчэ раз падкрэсліваюць майстэрства мастака, больш вядомага сваімі класічнымі партрэтамі. У экспазіцыі прадстаўлены 83 музейныя прадметы, у тым ліку найрэдкія дакументы, звязаныя з гісторыяй мастацкай школы Віцебска.
Па словах дырэктара філіяла Вольгі Акуневіч, на выстаўцы можна ўбачыць толькі адрэстаўраваныя работы, астатнія яшчэ знаходзяцца ў майстэрні рэстаўратара. Усяго ў калекцыі музея 183 работы Юрыя Пэна - гэта самае поўнае збіранне мастака ў Беларусі. У бліжэйшы час юбілейная выстаўка Юрыя Пэна будзе дэманстравацца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску, затым адправіцца ў Германію.
Юрый Пэн скончыў Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, вучыўся ў Ільі Рэпіна. Па запрашэнні віцебскага віцэ-губернатара пасяліўся ў Віцебску, дзе працаваў да сваёй трагічнай смерці ў 1937 годзе. Юрый Пэн выхаваў пляяду знакамітых мастакоў - Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Давіда Якерсона, Пятра Явіча. У 1918 годзе Юрый Пэн прымаў удзел у знакамітай акцыі мастакоў-мадэрністаў па ўпрыгожанні Віцебска да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. З 1919 года ён узначальваў Віцебскае Народнае Мастацкае вучылішча.-0-