Выстава рэдкіх праваслаўных кніг да Дня славянскага пісьменства адкрылася ў Віцебску
23 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава рэдкіх праваслаўных кніг, прысвечаная Дню славянскага пісьменства і культуры, адкрылася ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
У двух залах прадстаўлена больш за 40 выданняў, якія ўключаюць багаслужебныя кнігі і літаратуру духоўна-маральнага зместу. Сярод найбольш цікавых экзэмпляраў - евангелле Почаеўскай лаўры 1758 года, святочныя Мінеі XIX стагоддзя з кручковым запісам, Біблія з маляўнічымі гравюрамі 1916 года выдання, а таксама альбом 1957 года з выявамі патрыярхаў Маскоўскіх і ўсяе Русі. У экспазіцыі таксама ўвайшлі факсімільнае выданне кнігі XVI стагоддзя "Жыціе святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага", рукапісны псалтыр і тлумачэнне на Апакаліпсіс св. Андрэя Кесарыйскага (XIX стагоддзе). Зборнік дапоўнены сучаснай праваслаўнай і багаслужебнай літаратурай, адаптаванымі кнігамі для дзяцей, выданнямі Віцебскай епархіі (даведнік "Віцебская епархія: манастыры, храмы, прыходы" (2010 год), манаграфія архіепіскапа Дзмітрыя "Віцебская епархія: гісторыя і сучаснасць" і інш.). Уяўленне аб першых старадрукаваных кнігах на беларускіх землях дапамагаюць сфарміраваць муляжы выданняў Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Сымона Полацкага, комплекс матэрыялаў аб друкарні Куцеінскага манастыра пад Оршай.
Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць прадметы археалагічных раскопак: знакамітае "бабіна прасліца" XI стагоддзя, зашпількі ад кніг, знойдзеныя ў Віцебску, пісала XII-XIII стагоддзяў, а таксама першая знойдзеная на тэрыторыі Беларусі берасцяная грамата мяжы XIII-XIV стагоддзяў. Знаёмства з экспазіцыяй дазволіць наведвальнікам музея пашырыць свае веды аб гісторыі і развіцці славянскай пісьменнасці.
Выстава будзе працаваць да 17 чэрвеня.
Дзень праваслаўнай пісьменнасці адзначаецца 24 мая, у Дзень памяці святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія. Хрысціянскія прапаведнікі і місіянеры, святыя браты Кірыл і Мяфодзій у 863 годзе па ўказе візантыйскага імператара накіраваліся ў Маравію на пропаведзь славянам. Браты склалі першую славянскую азбуку і пераклалі багаслужебныя кнігі на славянскую мову, заклаўшы такім чынам асновы славянскай пісьменнасці і культуры.-0-