Выстава сатырычных плакатаў адкрылася ў Дзень смеху ў Віцебску
1 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава сатырычных плакатаў адкрылася ў Дзень смеху ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры.
У экспазіцыі прадстаўлена 11 шырокафарматных плакатаў мінскіх мастакоў-карыкатурыстаў 70-х гадоў. Усе працы, суправаджаныя трапнымі вершыкамі на беларускай мове, разам з сюжэтам адлюстроўваюць дух свайго часу і палітычныя веянні ў грамадстве: барацьбу з п'янствам, хабарніцтвам. Аўтары таксама высмейваюць работнікаў-гультаёў і іх начальнікаў, якія з важным выглядам паказваюць на недахопы іншых, а самі цішком разгадваюць крыжаванкі. Усе тэмы, узнятыя аўтарамі, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння.
Азнаёміцца з плакатамі можна да 5 красавіка.-0-