Выстава ветэрана Вялікай Айчыннай вайны А. Кавалёва адкрылася ў Віцебску
6 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анатоля Кавалёва адкрылася сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Экспазіцыя пад назвай "Дарогі салдата", прадстаўленая ў Цэнтры сучаснага мастацтва, канцэптуальна дзеліцца на дзве прасторы: дарогі вайны і мірныя дарогі мастака. На сцяне залы размешчана карта, на якой адзначаны асноўныя пункты гэтых дарог. Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца адной з цэнтральных тэм у творчасці ветэрана. Яе раскрываюць скульптуры і жывапісныя творы, малюнкі, выкананыя ў першыя пасляваенныя гады. Тэму мірнага жыцця прадстаўляе лірычны і філасофскі жывапіс: пейзажы, нацюрморты, партрэты.
Экспазіцыя заклікана даць уяўленне аб розных гранях творчасці Анатоля Кавалёва. Пры гэтым эфект супрычастнасці да творчасці, жыцця ветэрана стварае інсталяцыя з этюднікам мастака. Азнаёміцца з выставай можна да 15 мая.
Анатоль Кавалёў нарадзіўся 10 мая 1926 года ў вёсцы Даўгаполле Гарадоцкага раёна. У 17 гадоў, перайшоўшы лінію фронту, будучы мастак стаў удзельнікам баявых дзеянняў у складзе 61-га гвардзейскага стралковага палка. Прайшоў дарогамі вайны ад Дзвіны да Эльбы, пераможцам прайшоў па Берліне, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, медалямі "За перамогу над Германіяй" і "За ўзяцце Берліна". З красавіка 1963 года па цяперашні час выкладае на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.-0-