Выставай жыкле і дэгустацыяй страў яўрэйскай кухні адзначаць у Віцебску дзень нараджэння М.Шагала

6 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзень нараджэння Марка Шагала адзначаць у Віцебску 7 ліпеня выставай жыкле на палатне, прэзентацыяй кнігі і дэгустацыяй страў яўрэйскай кухні, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Музея Марка Шагала Ларыса Хмяльніцкая. Нягледзячы на тое, што афіцыйная дата нараджэння мастака - 6 ліпеня, сам майстар заўсёды адзначаў яго 7 ліпеня. "Відаць, дата 07.07.1887 прыцягвала Марка Шагала сваёй магіяй, і нам было нязручна ладзіць яго дзень нараджэння ў іншы дзень", - патлумачыла кур'ёз дат Людміла Хмяльніцкая. Свята пройдзе на Пакроўскай вуліцы - там, дзе нарадзіўся Шагал і цяпер знаходзіцца яго дом-музей. У праграме - літаратурна-мастацкія сустрэчы "У гасцях у Марка і Бэлы", адкрыццё выставы ізраільскай мастачкі Малкі Цэнцыпер "Вясновыя мелодыі", якая ўключае 28 жыкле на палатне - эксклюзіўных лічбавых мастацкіх рэпрадукцый яе работ на палатне, па якасці выканання і перадачы колеру не саступаючых арыгіналам. Паэт Давід Сімановіч прадставіць сваю кнігу "Скрыпка Шагала або Тут засталася яго душа", а потым госці свята змогуць паспрабаваць стравы яўрэйскай кухні. Забаўляць гасцей будуць віцебскія яўрэйскія музычныя калектывы "Наша песня" і "Айдзішэ нэшомэ" ("Яўрэйская душа"). Арганізатарамі свята выступаюць Музей Марка Шагала, Ізраільскі культурна-інфармацыйны цэнтр пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі, Віцебскае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне "Хасдей Давід" і Віцебская гарадская яўрэйская абшчына.-0-