Выставку-казку яркіх цацак з войлака «Пацешкі ў акенцы» могуць убачыць жыхары і госці горада ў музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна «Здраўнёва».
2014 год для музея-сядзібы І.Я. Рэпіна «Здраўнёва» асаблівы. У межах юбілею Іллі Рэпіна — 170-годдзя з дня нараджэння — у музеі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія раскрываюць яго асобу і спадчыну з розных бакоў, часам і з нечаканых для наведвальніка.
Так, у галоўным сядзібным доме размясцілася невялікая, але прываблівае ўвагу дзяцей і дарослых выстава-казка яркіх цацак з лямцу «Пацешкі ў акенцы». Яна размясцілася ў аконным «міжрамні» і адкрывае найцікавейшую старонку біяграфіі вялікага рускага жывапісца, нагадваючы пра яго першыя творчыя спробы і поспехі.
Аўтар ідэі і самой выставы Марына Федарэнка яшчэ нядаўна з'яўлялася супрацоўнікам музея-сядзібы І.Я. Рэпіна. Пра сваю задумку яна распавяла:
— Валянне — адно з маіх любімых заняткаў, гэтую тэхніку асвойваю 2,5 года. А на стварэнне выстаўкі пацешак (састарэлая назва цацак) для музея мяне натхнілі ўспаміны Ільі Яфімавіча ў аўтабіяграфічнай кнізе «Далекае блізкае». У главе «Росткі мастацтва» мастак маляўніча апавядае пра тое, як у дзяцінстве ён разам з сястрой Усцяй любіў забаўляць суседзяў, упрыгожваючы вокны самаробнымі выцінанкамі. Да іх вокнаў так і ішлі не толькі дзеці, але і дарослыя. Усе спыняліся, падоўгу разглядалі майстэрскі выразаных дзіцячымі рукамі жывёл.
Сёння мастацтва выцінанкі зноў становіцца папулярным. А вось яшчэ адна традыцыя, упрыгожваць аконнае «міжрам'е» цацкамі і прыроднымі матэрыяламі, падобна, хутка знікне зусім. І гэта зразумела, бо ўсё радзей можна сустрэць драўляныя вокны старога ўзору. Сучасныя вокны не маюць патрэбы ў абароне ад запацякання, таму вы ўжо амаль не ўбачыце паміж рамамі эстэтычна ўпрыгожаную вату, мох і шкляначку з соллю.
Як вядома, аконныя кампазіцыі ствараліся да першых халадоў, да ўцяплення рам. Сваёй прыбранасцю вокны набліжалі свята, задаючы настрой. А вось разбіраць убранне не спяшаліся. Такім чынам, свята Новага года «затрымлівалася» у акне паміж рамамі да самай Пасхі.
Сумесныя абмеркаванні падчас падрыхтоўкі выставы «Пацешкі» ўсё больш пераконвалі нас у тым, што ў гісторыі музея гэтая выстава не павінна застацца адзінкавай падзеяй, а паслужыць адпраўной кропкай для правядзення невялікага штогадовага свята аўтарскай цацкі. Бо самаробная цацка як першая мастацкая творчасць па праву з'яўляецца сімвалам нараджэння творчай асобы І.Я. Рэпіна, а музей-сядзіба «Здраўнёва» дае шырокія магчымасці для рэалізацыі падобных ідэй.
Задуманы праект атрымаў назву «Пацешкіна», бо прадугледжвае стварэнне цэлага казачнага цацачнага свету. На перыяд экспанавання музей ператворыцца ў дом-церам, у сценах якога будуць задзейнічаны як аконныя праёмы, так і экспазіцыйныя плошчы. Часам правядзення стане зіма з яе багатай навагодня-святочнай культурай, традыцыі якой цесна звязаны з цацкай.
Мы спадзяемся, што гэтая ідэя знойдзе водгук у майстроў-цацачнікаў, якія працуюць у розных тэхніках. Супрацоўнікі музея-сядзібы І.Я. Рэпіна «Здраўнёва» чакаюць прапаноў ад усіх жадаючых прыняць удзел у свяце «Пацешкіна-2015». Заяўкі прымаюцца да кастрычніка 2014 года.
Дзіна КЛЫЧЭВА, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы І.Я. Рэпіна «Здраўнёва»