Выступленне Прэзідэнта і "Голас роднай зямлі". Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах да Дня Незалежнасці ў Мінску
- Мы ганарымся сваёй краінай! Тым, што ў нас вакол, тым, што ў нас спакойна. Ганарымся тым, што ў нас смачныя прадукты ў крамах. З гэтых дробязяў і складаецца шчасце, якое мы часам не адчуваем. Усё гэта - гады нашай незалежнасці, нашай працы, - адзначыў старшыня Віцебскага абласнога камітэта Аляксандр Субоцін.
Галоўная падзея свята - выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
- Мы працягваем гісторыю непераможнага народа. Памяць аб яго подзвігу – пытанне нацыянальнага гонару, без якога размовы аб незалежнасці, суверэнітэце, свабодзе – проста словы. Мы ж абапіраемся на рэальны досвед, рэальныя дасягненні. Колькі мы ведаем народаў, якія былі пастаўлены на грань поўнага знішчэння, падобна савецкаму народу, беларусам, але са зброяй у руках выстаялі?
Многія краіны свету сталі незалежнымі дзякуючы той Найвялікшай Перамозе. У многіх народаў з'явілася магчымасць выбіраць уласны шлях развіцця.
Нагадаю, незалежнасць каштуе дорага. Вельмі дорага. І справа не толькі ў эканоміцы.
Мы, беларусы, заплацілі за яе самую страшную цану. Таму ў кожным новым ваенным канфлікце, развязаным на планеце цяпер, мы бачым асабістую трагедыю, нам чуецца эха Вялікай Айчыннай вайны, - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пасля выступлення Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці пачаўся канцэрт майстроў мастацтваў "Голас роднай зямлі".
Першымі перад жыхарамі і гасцямі сталіцы выступілі народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаныя калектывы Беларусі – ансамбль "Сябры", ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы" з прэм'ерай кампазіцыі "Голас зямлі роднай".
Свае нумары прадстаўляюць таксама заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Цытовіча.
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарніцкі, саліст Вялікага тэатра Беларусі Кірыл Панфілаў, а таксама артысты балета Вялікага тэатра Беларусі кранулі гледачоў выкананнем твора "А можа, не было вайны".
Пасля чаго адбылася прэм'ера песні "Аднойчы", якую выканала Лера Бернатовіч – прадстаўніца Беларусі на XXXIV Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск".
Тэму любові да Радзімы і Вялікай Айчыннай вайны дэманстравалі ў сваіх выступленнях астатнія артысты. Сярод іх – гурт "Скайнет", заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Жанет, Алёна Ланская, маладыя выканаўцы – Аляксандра Мелех, Яўгеній Ярмолкавіч, Насця Краўчанка, Мікіта Белька, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха і іншыя.
Жыхаркі Віцебска Таццяна Войскавіч і Юлія Кузняцова падзяліліся ўражаннямі ад канцэрта майстроў мастацтваў "Голас роднай зямлі":
- Мы ў вялікім захапленні ад канцэрта, прысвечанага Дню Незалежнасці. Гэта маштабная падзея выклікала мора пазітыўных эмоцый, якія застануцца з намі надоўга. Рэпертуар канцэрта напоўніў пачуццём патрыятызму, любоўю да сваёй краіны, удзячнасцю за чыстае неба над галавой. Мы ганарымся нашай краінай, месцам, дзе нарадзіліся і выраслі, а галоўнае - подзвігам беларускага народа!
- Вельмі рада знаходзіцца ў Мінску напярэдадні такой значнай для краіны свята. Дзень Незалежнасці – гэта перш за ўсё магчымасць ушанаваць памяць нашых продкаў, якія ваявалі за свабоду, мірнае неба над галавой.
Я ўпершыню прыехала на такое маштабнае мерапрыемства і ўбачыла на свае вочы Прэзідэнта Беларусі. Ганаруся нашым кіраўніком дзяржавы, сваімі землякамі, іх спартыўнымі і творчымі дасягненнямі. Арганізацыя мерапрыемства на вышэйшым узроўні, а канцэрт падарыў мора яркіх эмоцый, - падзялілася Алена Яблонская з Россонскага раёна.