Выхадцы з Беларусі паказалі на конкурсе "Віцебск-2009" высокае вакальнае майстэрства - П.Латушка
13 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства паказалі ўсе ўдзельнікі XVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009". Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка.
"Вострая барацьба, якая разгарнулася за прызавыя месцы, паказала, як узрос узровень удзельнікаў конкурсу", - сказаў ён. Прыемна, што выхадцы з Беларусі прадэманстравалі добрыя вакальныя даныя. Міністр асабліва адзначыў моцную гомельскую спяваючую школу. (Уладальнік Гран-пры сёлетняга конкурсу Дзмітрый Даніленка, які прадстаўляў Расію, і беларус Андрэй Калосаў, уладальнік другой прэміі, з'яўляюцца выхаванцамі гомельскага педагога - заўв. БЕЛТА).
Павел Латушка таксама адзначыў добры арганізацыйны ўзровень правядзення конкурсу выканаўцаў эстраднай песні.-0-