Выздаравелыя ад COVID-19 пачалі здаваць плазму крыві ў Віцебску

У Віцебску вылечаныя ад каронавіруснай інфекцыі пацыенты сталі здаваць плазму. Першы забор зроблены сёння на абласной станцыі пералівання крыві.

Каштоўным кампанентам крыві прыйшлі падзяліцца чатыры жыхары абласнога цэнтра. Кожнага асабіста абследаваў і ацаніў стан здароўя па выніках клінічных аналізаў дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка. У выніку тры чалавекі былі дапушчаны да працэдуры. Пытанне яшчэ па адным вырашылася пасля дадатковых даследаванняў непасрэдна на станцыі. Кожны з донараў здаў па 600 мл плазмы.

"Мэтодыка нарыхтоўкі і пералівання плазмы ад вылечаных выкарыстоўвалася і раней пры шэрагу вірусных эпідэмій. Дазвол на выкарыстанне гэтай тэхналогіі мы бралі ў САЗ", - сказаў Фёдар Карпенка. Ён растлумачыў, што ў людзей, якія перахварэлі, фарміруюцца антыцелы. Спачатку імунаглабулін М, потым імунаглабулін G, якія мэтавыя дапамагаюць змагацца супраць каронавіруснай інфекцыі. Мэтодыка выкарыстоўвалася ўрачамі падчас эпідэміі ў Кітаі. Цяпер у многіх краінах Еўрасаюза, Расіі і ў нас праводзяцца клінічныя даследаванні па выкарыстанні плазмы вылечаных ад COVID-19.

Кіраўнік РНПЦ выказаў велізарныя словы падзякі за адказную грамадзянскую пазіцыю і жаданне дапамагчы ўсім, хто адгукнуўся і вырашыў выступіць донарам. "Па стане здароўя, узросце, іншых паказаннях не ўсе могуць выступіць у дадзенай сітуацыі донарамі. Кола вельмі абмежаванае, таму тым больш каштоўная іх дапамога. Патрэба ж у гэтым кампаненце крыві вельмі высокая", - падкрэсліў Фёдар Карпенка.

У Мінску нарыхтоўка плазмы ад вылечаных пацыентаў ужо вядзецца, а атрыманы кампанент крыві пасля правядзення ўсіх лабараторных аналізаў выкарыстоўваецца ў медустановах сталіцы. "Далей мы маем намер маштабаваць гэту працу на ўсе абласныя цэнтры, каб разгарнуць яе па ўсёй рэспубліцы", - дадаў дырэктар РНПЦ.

БЕЛТА.