Узаемадзеянне праваслаўнай царквы і навучальных устаноў будзе абмяркоўвацца на канферэнцыі ў Віцебску
27 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы ўзаемадзеяння праваслаўнай царквы і ўстаноў сістэмы адукацыі будуць у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў абласной навукова-практычнай канферэнцыі "Выхаванне падрастаючага пакалення на традыцыях праваслаўнай культуры", якая адкрыецца 28 кастрычніка ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Інстытуце развіцця адукацыі Віцебскай вобласці.
Падчас двухдзённага мерапрыемства будуць падведзены вынікі работы навучальных устаноў вобласці па рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквы. Канферэнцыя пройдзе на базе Інстытута развіцця адукацыі і сабярэ ў абласным цэнтры кіраўнікоў і спецыялістаў ВНУ, агульнаадукацыйных школ і дашкольных устаноў з усіх раёнаў вобласці, а таксама Віцебскага духоўнага вучылішча. Цікавасць да напрацовак віцебскіх педагогаў у сферы выхавання падрастаючага пакалення на праваслаўных традыцыях праявілі калегі з Пскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя С.Кірава.
Удзельнікі канферэнцыі прааналізуюць асноўныя тэндэнцыі развіцця і формы партнёрства навучальных устаноў і праваслаўнай царквы ў духоўна-маральным станаўленні асобы дзіцяці, разгледзяць пытанні метадычнага забеспячэння вучэбна-выхаваўчай работы ў гэтым напрамку, абмяркуюць магчымыя напрамкі ўдасканалення супрацоўніцтва на перспектыву. На форуме пройдуць прэзентацыі вопыту работы адукацыйных устаноў вобласці па выхаванні маральнай асобы на аснове традыцый праваслаўнай культуры, адбудзецца выстава метадычных напрацовак па гэтай тэматыцы. Акрамя таго, на канферэнцыі будзе арганізаваны круглы стол па тэме "Партнёрства і ўзаемная адказнасць свецкіх інстытутаў і праваслаўнай царквы ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі", які пройдзе на базе Віцебскага духоўнага вучылішча Віцебскай епархіі.
Арганізатарам канферэнцыі выступае дзяржаўная ўстанова адукацыі "Інстытут развіцця адукацыі Віцебскай вобласці".-0-