Узяцце замка чакае рыцараў на фестывалі сярэднявечнай культуры "Рубон" у Полацку
18 мая, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Удзельнікам фестывалю сярэднявечнай культуры "Рубон", які пройдзе ў Полацку 23-24 мая, трэба будзе ўзяць замак. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Віктар Ушак.
Імпровізаванае ўзяцце замка намечана на другі дзень фестывалю. Сёлета вышыня збудавання, якое з году ў год адбудоўваецца і разбіраецца арганізатарамі мерапрыемства, складзе 22 метры. "З кожным годам мы падымаем яго на 6 метраў, гэта значыць узяць замак становіцца ўсё цяжэй", - справядліва заўважыў суразмоўца.
Сёлета ў фестывалі возьмуць удзел каля 350 рыцараў, што амаль удвая больш, чым летась. У турнірах сустрэнуцца лучнікі і латнікі, а ўдзельнікі рамеснага падворка прадставяць вырабы, выкананыя ў сярэднявечных традыцыях. Акрамя таго, на канец першага дня запланавана фаер-шоу "Ноч агню" з агнём і спецэфектамі. Адчуванне сярэднявечча ўзмоцняць запрошаныя калектывы, якія выконваюць сярэднявечную беларускую музыку.
Па прагнозах арганізатараў, сёлета фестываль наведаюць каля 5 тыс. чалавек. "З кожным годам аўтарытэт "Рубона" расце, колькасць наведвальнікаў павялічваецца, таму ў гэты раз месцаў для ўсіх жадаючых можа нават не хапіць", - ва ўсялякім выпадку, выказаў здагадку прадстаўнік гарвыканкама.
Фестываль сярэднявечнай культуры накіраваны на папулярызацыю полацкай зямлі і беларускай культуры. "Мы бачым, што людзей прыцягваюць рыцарскія паядынкі, замалёўкі з сярэднявечнага побыту. Калі ты становішся ўдзельнікам або госцем фестывалю, ты нявольна заўважаеш, што гісторыя раптам ажывае", - адзначыў Віктар Ушак.-0-