Характар зваротаў грамадзян па пытаннях гандлю адлюстроўвае стабільнасць на спажывецкім рынку Віцебскай вобласці
Колькасць і характар зваротаў грамадзян па пытаннях гандлю і паслуг адлюстроўваюць стабільнасць на спажывецкім рынку Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віцебскага аблвыканкама, правёўшы аналіз паступіўшых у 2012 годзе ў аблвыканкам і мясцовыя выканкамы зваротаў.
Удзельная вага зваротаў па пытаннях гандлю і паслуг у агульнай колькасці зваротаў у аблвыканкам складае 3%, у гарадскія і раённыя выканкамы - 4%. "Колькасць і характар зваротаў грамадзян па пытаннях гандлю і паслуг адлюстроўваюць стабільнасць на спажывецкім рынку. З другога паўгоддзя 2012 года масавых скаргаў грамадзян на адсутнасць у гандлёвай сетцы асобных відаў сацыяльна значных харчовых тавараў, рост цэн на іх не паступала", - паведамілі ў аддзеле.
Як лічаць спецыялісты, ролю ў гэтым адыгралі своечасова прынятыя меры па падтрымцы сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян. Паміж выканкамамі і гандлёвымі арганізацыямі заключаны пагадненні аб продажы тавараў са зніжкамі асобным катэгорыям насельніцтва, выпушчана 6,7 тыс. дысконтных картак, з іх 5,5 тыс. перададзена грамадзянам для абслугоўвання ў 430 крамах. У мінулым годзе, па ацэнцы аблвыканкама, малазабяспечаным грамадзянам рэалізавана тавараў на Br3,4 млрд.
У структуры зваротаў, якія тычацца гандлю, сталі пераважаць пытанні абароны правоў спажыўцоў. На думку спецыялістаў, прычынамі такіх зваротаў з'яўляюцца як парушэнні з боку суб'ектаў гаспадарання, так і нізкая прававая культура грамадзян, неабгрунтаваныя прэтэнзіі спажыўцоў, якія аддаюць перавагу выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, а не суд, як інстанцыю, што вырашае падобныя спрэчкі. Для папярэджання скаргаў спецыялісты ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама далі 155 вусных кансультацый па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.