"Хавер" замеце Віцебшчыну: надвор'е на выхадныя 7-8 снежня

"Хавер" заметет Витебщину: погода на выходные 7-8 декабря

На гэтыя выхадныя, паводле прагнозу Рэспубліканскага гідраметцэнтра, на Віцебшчыне будуць назірацца складаныя ўмовы надвор'я. Нашу краіну атакуе магутны паўночнаатлантычны цыклон - "Хавер".

Снежаньскі "Хавер" будзе значна спакайнейшы і мякчэйшы, чым у сакавіку. Найбольш моцна ён праявіць сябе сёння, 6 снежня. Порывы ветру ў нашай вобласці прагназуюцца да 12 метраў у секунду. Тэмпература паветра - каля 0.

У суботу, 7 снежня, слупок тэрмометра панізіцца да -4. Суцэльная воблачнасць. Снег і мяцеліца. Удзень вецер сціхне да 5-7 метраў у секунду.

У нядзелю чакаецца падобнае надвор'е. Да гэтага часу "Хавер" пакіне тэрыторыю Беларусі і сыдзе на Маскоўскую вобласць.

Да абеду ў панядзелак абяцае выглянуць сонейка, але пахаладае - да -8.

У сувязі з чаканымі складанымі ўмовамі надвор'я Віцебскае абласное ўпраўленне МНС раіць кіроўцам устрымацца ад паездак, асабліва на далёкія адлегласці. Ратавальнікі таксама рэкамендуюць пазбягаць знаходжання паблізу дрэў і слаба замацаваных канструкцый, паркаваць транспарт удалечыні ад іх, звяртаць увагу на цэласнасць паветраных ліній электраперадачы. Пры выяўленні абрыву ЛЭП тэлефануйце па нумары 101.