Хітамі продажаў «Славянскага базару» сталі квіткі на Верку Сэрдзючку, Лешчанку, Вінакура і Пянкіна
21 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Хітамі продажаў XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" сталі квіткі на канцэрты Андрэя Данілко, Льва Лешчанкі, Уладзіміра Вінакура і Сяргея Пінкіна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю.
Па выніках першых трох дзён продажаў самымі запатрабаванымі аказаліся "Шоу Веркі Сердзючкі" тэатра Андрэя Данілко, бенефіс Льва Лешчанкі, у якім акрамя юбіляра прымаюць удзел папулярныя расійскія, беларускія і ўкраінскія выканаўцы, вечар гумару тэатра парадыі Уладзіміра Вінакура і канцэртная праграма Сяргея Пінкіна "Вазьмі з сабой маё каханне".
Нягледзячы на тое, што большая частка гледачоў пакуль яшчэ аддае перавагу набываць квіткі ў канцэртных касах, магчымасці іх пакупкі ў сетцы Інтэрнэт пашыраюцца. Акрамя міжнароднай кампаніі Ticketpro да распаўсюджвання прыступіла кампанія kvitki.by. Квіткі можна набыць на сайтах гэтых аператараў продажаў. Па дадзеных кампаніі Ticketpro, толькі ёю ў мінулым годзе было рэалізавана больш за 10 тыс. квіткоў на канцэрты "Славянскага базару", з іх 12% - за межамі Беларусі. Сярод найбольш актыўных замежных інтэрнэт-пакупнікоў былі расіяне, жыхары краін Балтыі. Зафіксаваны таксама пакупкі ў Вялікабрытаніі.
З 25 мая стартуюць продажы квіткоў на іншыя праекты фестывалю, якія будуць праходзіць у канцэртнай зале "Віцебск", філармоніі, у тэатры.
Кошт квіткоў на фестывальныя мерапрыемствы вагаецца ад Br20 тыс. да Br750 тыс. Самыя дарагія квіткі на канцэрт урачыстага адкрыцця: ад Br460 тыс. да Br750 тыс. Наведванне сольных канцэртаў у Летнім амфітэатры абыдзецца ад Br160 тыс. да Br300 тыс., зборных - ад Br80 тыс. да Br180 тыс. Дэмакратычныя цэны ў канцэртнай зале "Віцебск" - ад Br50 тыс. да Br150 тыс. Сустрэчы з тэатральным мастацтвам абыдуцца гледачам ад Br65 тыс. да Вr130 тыс. Міжнародны фестываль мастацтваў у 21-ы раз пройдзе ў Віцебску. Сёлета ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 12 ліпеня, а фінальны акорд прагучыць 18 ліпеня.-0-