Хлебаробы Сенненскага раёна прысвячаюць пасяўную кампанію 65-годдзю Перамогі

7 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Хлебаробы Сенненскага раёна прысвяцілі пасяўную кампанію 65-годдзю Перамогі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Сенненскім райвыканкаме. Падтрымаць аграрыяў заклікана акцыя "Якасна і ў аптымальныя тэрміны завершым сяўбу - зробім падарунак ветэранам!". У кожным сельгаспрадпрыемстве, сельскім савеце, Доме культуры, механізатарскім двары і нават на трактарах размешчаны улёткі з патрыятычным зместам і сімволікай Перамогі, праводзяцца агітацыйныя мерапрыемствы. Жаданне зрабіць прыемны падарунак ветэранам да Дня Перамогі стала галоўным стымулам да працы для ўсіх аграрыяў Сенненшчыны. "На жаль, трохдзённыя дажджы ўнеслі свае карэктывы, значна паўплываўшы на хуткасць сяўбы. Па стане на 7 мая, у раёне засеяна толькі 53% плошчаў яравых культур, у тым ліку 62% плошчаў збожжавых. Аднак насуперак капрызам надвор'я завяршыць пасяўную плануецца на працягу бліжэйшых дзён", - расказалі спецыялісты. У Сенненскім раёне сёлета трэба засеяць 22,4 тыс.га. Усяго ў Віцебскай вобласці 231,6 тыс.га яравых культур, у тым ліку 257 тыс.га збожжавых. На 7 мая ў рэгіёне засеяна 59,5% плошчаў да плана, у тым ліку 76% збожжавых, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.-0-