Хлебаробы Віцебскай вобласці сабралі самы важкі за апошнія 30 гадоў ураджай
Рэгіён завяршае жніво з добрымі вынікамі - чатыры раёны вобласці намалацілі з хлебнай нівы больш чым па 100 тыс. т збожжа. Знакавы рубеж перавысілі хлебаробы Аршанскага, Дубровенскага, Верхнядзвінскага і Талачынскага раёнаў. Прычым тры з чатырох (акрамя Аршанскага) сабралі такі важкі ўраджай упершыню. Блізкі да запаветнай мяжы і Віцебскі раён, які намалаціў каля 97 тыс. т збожжа.
"Агульны валавы збор больш за 1 млн 400 тыс. т. Такі ўраджай у нас практычна ніколі не быў за ўсю гісторыю. Ураджайнасць збожжавых больш за 36 цэнтнераў з гектара", - канстатаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.
Ён падкрэсліў, што гэта вельмі сур'ёзны задзел і яго неабходна захаваць і ў будучыні. "Мы з кіраўнікамі раёнаў гаворым, каб на наступны год не ўпасці, а закласці тэхналагічныя асновы будучага ўраджаю так, каб выйсці на валавы збор 1,5 млн т збожжа", - падзяліўся планамі кіраўнік вобласці. Ён падкрэсліў, што прыбаўкі варта дамагацца не за кошт павелічэння плошчаў, а за кошт павышэння ўраджайнасці. "Я думаю, што 36 ц/га - гэта не мяжа, можам атрымліваць і 40, і больш - прыклады такія ў нас ёсць. У вобласці ёсць гаспадаркі, якія збіраюць больш за 80 цэнтнераў", - адзначыў Мікалай Шарстнёў.
"Самае галоўнае, што адбылося ў Віцебскай вобласці, - гэта маральная перабудова, перазагрузка кадраў. Яны пераканаліся, што ў кожным раёне можна атрымліваць і хлеб, і кармы, і ўсё астатняе. Усё тое, з чаго складаецца канчатковы вынік. Я кажу пра фінансы, якія мы маем ад рэалізацыі мяса і малака, - сказаў губернатар. - Збіраючы добры ўраджай, мы ствараем базу для таго, каб мець мяса і малако, а значыць, грошы, і тым самым умацоўваць калектывы і павышаць дабрабыт нашых людзей".
Паводле даных аблсельгаспрода, у Віцебскай вобласці ўбрана 99,9% збожжавых і зернебабовых культур. У рэгіёне намалочана 1 млн 430 тыс. т.
Сёння Мікалай Шарснёў прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню ведаў, у сярэдняй школе №1 Талачына, якая прыняла дзяцей пасля капітальнага рамонту, а таксама азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да абласных "Дажынак".
Алена Ціханава, БЕЛТА.