Нарыхтоўшчыкі Віцебскай вобласці ўбралі траціну збожжавых
На раніцу 2 жніўня, паводле даных абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, абмалочана 110 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што складае амаль траціну задання. Па тэмпах лідзіруюць Верхнядзвінскі (48 працэнтаў), Мёрскі (45,5), Шаркаўшчынскі (40,8) і Браслаўскі (40,7) раёны, якія набліжаюцца да экватара жніва. Лепшая ўраджайнасць палёў пры сярэдняй па вобласці 31,3 цэнтнера з гектара ў хлебаробаў валаўтваральных раёнаў – Аршанскага (38,3), а таксама Верхнядзвінскага, Пастаўскага, Віцебскага, Дубровенскага, Полацкага раёнаў, якія намалочваюць не менш за 35 цэнтнераў. Заданне па пастаўках збожжа для дзяржаўных патрэб выканана на чвэрць – 28,8 тысячы тон хлеба ўжо ў засеках.
Свой час жніва і ў лёнаводаў. Тэхнічная культура выцераблена на 48 працэнтах плошчаў. На палі вывезена 1,4 мільёна тон арганікі (63,6 працэнта) пад ураджай 2020 года. Не перастае быць актуальнай і нарыхтоўка кармоў з траў другога ўкосу. На кожную ўмоўную галаву жывёлы запасена 12,04 цэнтнера кармавых адзінак, што вышэй за сярэдні паказчык па рэспубліцы на 2,17 цэнтнера.