Хакейны клуб «Віцебск» упершыню стаў уладальнікам Кубка старшыні Віцебскага аблвыканкама

24 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Хакейны клуб "Віцебск" упершыню стаў уладальнікам Кубка старшыні Віцебскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. У фінальным паядынку пятага розыгрышу Кубка гаспадары пляцоўкі ва ўпартай барацьбе абыгралі бабруйскі "Шыннік" з лікам 3:0. Па шайбе ў кожным перыядзе ў віцяблян закінулі Аляксей Вінакураў, Ягор Цурыкаў і Аляксей Ерашоў. Трэцім прызэрам турніру стаў наваполацкі "Хімік-СКА", які адолеў у серыі пасляматчавых булітаў "Керамін" (Мінск) - 4:3. Найлепшымі гульцамі спаборніцтва прызнаны брамнік Максім Малюцін ("Віцебск"), абаронца Васіль Палоніцкі ("Віцебск"), нападнік Уладзімір Брызгалаў ("Шыннік" (Бабруйск)). Найлепшым бамбардзірам стаў Мікіта Камароў з наваполацкай каманды, які набраў 7 (4+3) заліковых балаў па сістэме "гол+пас". Кубкі і ганаровыя дыпломы пераможцам і прызёрам уручыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец. Губернатар падзякаваў спартсменаў і заўзятараў за майстэрства і актыўны ўдзел у турніры, які стаў пралогам 18-га адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі, што стартуе ў верасні. У краіне ўдзяляецца пільная ўвага развіццю гэтага віду спорту, у тым ліку яго матэрыяльна-тэхнічнай базы, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Ужо пачалося будаўніцтва лядовай арэны на 3,5 тыс. месцаў у Воршы. Аналагічныя аб'екты плануецца ўзвесці ў Лепелі, Навалукомлі, Глыбокім, ды і Віцебску патрэбна другая лядовая пляцоўка. Старшыня аблвыканкама выказаў надзею, што дзякуючы такому імкненню развіваць хакей неўзабаве прадстаўнікі віцебскага хакея зоймуць годнае месца ў шэрагах нацыянальнай хакейнай зборнай. Пераможцамі хакейнага турніру на Кубак старшыні Віцебскага аблвыканкама ў розныя гады станавіліся наваполацкі "Хімік-СКА" (дважды), кіеўскі "Сокал" і "Дзмітраў" (Расія).-0-