Хакейны турнір у Віцебску стане апошнім этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату Беларусі
18 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пяты хакейны турнір на Кубак старшыні Віцебскага аблвыканкама пройдзе ў абласным цэнтры з 20 па 23 жніўня з удзелам чатырох каманд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар спартыўнай установы "Віцебскі хакейны клуб" Уладзімір Базека.
Сёлета ў госці да гаспадароў пляцоўкі ХК "Віцебск" прыедуць "Хімік"-СКА (Наваполацк), мінскі "Керамін" і "Шыннік" з Бабруйска. Усе ўдзельнікі турніру разглядаюць гульні ў Віцебску як завяршальны этап падрыхтоўкі да чэмпіянату Беларусі, які стартуе 3 верасня, адзначыў Уладзімір Базека. Спачатку каманды правядуць аднакругавы турнір, па выніках якога стануць вядомыя ўдзельнікі матчаў за першае і трэцяе месцы. Затым у стыкавых паядынках будуць вызначаны пераможца і прызёры турніру. Акрамя галоўных узнагарод - Кубка старшыні аблвыканкама і кубкаў за другое-трэцяе месцы - каштоўнымі прызамі будуць адзначаны лепшыя гульцы турніру ў намінацыях "Брамнік", "Абаронца", "Нападаючы", а таксама лепшы бамбардзір Кубка. Акрамя таго, пасля кожнай сустрэчы падчас хакейнага марафону будуць адзначацца лепшыя гульцы каманд.
Фінал пятага розыгрышу гаспадары плануюць арганізаваць маляўнічым, насычаным спецэфектамі і іншымі "разынкамі". Справа ў тым, што ў студзені 2010 года Віцебск будзе прымаць усіх зорак беларускага хакея, яны правядуць традыцыйную матчавую сустрэчу ў Лядовым палацы. У сувязі з гэтым фінальны матч розыгрышу Кубка старшыні аблвыканкама вырашана правесці ў выглядзе своеасаблівай рэпетыцыі будучага хакейнага шоў, сказаў Уладзімір Базека.-0-