Хор імя Г. Цытовіча выступіць 9 красавіка ў культурнай сталіцы Беларусі 2010 года Полацку
8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча адбудзецца 9 красавіка ў культурнай сталіцы Беларусі 2010 года горадзе Полацку. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства культуры Беларусі Святлана Шыцікава.
Яркая падзея пройдзе ў Сафійскім саборы. Праграма выступлення прымеркавана да Вялікадных святаў. Канцэрт вядомага калектыву таксама адбудзецца і сёння ўвечары на пляцоўцы гарадскога Дома культуры.
У Полацку, якому першаму з беларускіх гарадоў давялося стаць культурнай сталіцай краіны, з пачатку года прайшло ўжо шмат мерапрыемстваў. З студзеня па сакавік у горадзе адбыліся выступленні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі з праграмай "Вечар старажытнага раманса", Нацыянальнага канцэртнага аркстра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Канстанціна Шарова (орган). У выставачнай зале Полацкай мастацкай галерэі прайшлі выставы літаграфій "Напалеон Орда і наша мінулае" з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, "Польскае выяўленчае мастацтва XVIII-XX стагоддзяў" з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. У сваю чаргу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава жывапісу і графікі Ядвігі Маціеўскай, праўнучкі Івана Хруцкага (да 200-годдзя з дня нараджэння мастака) з фондаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
На працягу года запланаваны канцэрты лепшых беларускіх салістаў і калектываў, праграма "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі", выставы работ Івана Хруцкага, кніг Францыска Скарыны. У Полацку будуць гасцяваць і карціны мастакоў з Расіі, Літвы, Грэцыі, Германіі. У маі плануецца адкрыццё помніка героям вайны 1812 года.
Старт рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца 2010 года" быў дадзены 21 студзеня. Старажытны Полацк паклаў пачатак добрай традыцыі. Праект ініцыявала Міністэрства культуры Беларусі. Ён праводзіцца з мэтай падтрымкі культурнага жыцця рэгіёнаў. На працягу года малыя гарады, названыя культурнай сталіцай, будуць станавіцца пляцоўкамі для канцэртных выступленняў калектываў і артыстаў, прадастаўляць залы для выстаў мастакоў. Гэты праект дасць магчымасць беларусам далучыцца да культурных каштоўнасцей, лепшых узораў мастацтва.-0-