Хор імя Пятніцкага на «Славянскім базары» ўпершыню выступіць разам са зоркамі эстрады
13 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Да ўнікальнай ва ўсіх сэнсах падзеі рыхтуецца ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Сёння познім вечарам на форуме дэбютуе знакаміты калектыў з векавой гісторыяй - Дзяржаўны акадэмічны рускі народны хор імя Пятніцкага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Але справа не толькі ў першым выступленні сусветна праслаўленага хору на віцебскім форуме. Дзеля "Славянскага базару" артысты калектыву пайшлі на рызыкоўны эксперымент. Як расказала журналістам мастацкі кіраўнік - дырэктар хору народная артыстка Расіі Аляксандра Пярмякова, на сцэне Летняга амфітэатра ён упершыню за 100 гадоў існавання прадставіць сумесную праграму са зоркамі эстрады. І ўпершыню двухгадзінная праграма цалкам будзе складацца выключна з рускіх народных песень, у ёй не прагучыць ніводнага аўтарскага твора. "Гэты канцэрт зусім не характэрны для хору імя Пятніцкага, нам цікава, як яго прыме публіка", - заўважыла Аляксандра Пярмякова.
Калектыў вельмі сур'ёзна рыхтаваўся да выступлення на "Славянскім базары": праграма стваралася некалькі месяцаў. Эстрадныя артысты, якія прымуць удзел у канцэрце - Ларыса Доліна, ансамбль "Песняры", Тамара Гвердцытэлі, Зара, Дзмітрый Пяўцоў, Алена Ваенга і іншыя, па некалькі разоў прыязджалі ў хор, праслухоўвалі яго велізарны рэпертуар, каб выбраць сабе прыдатную песню. Затым ствараліся спецыяльныя аранжыроўкі, праводзіліся сумесныя рэпетыцыі.
Канцэртам у Летнім амфітэатры завершацца ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя хору імя Пятніцкага. А яшчэ гэта выступленне увянчае праграму Дня Расіі на "Славянскім базары ў Віцебску".-0-