Хор імя Пятніцкага адзначыў на «Славянскім базары» сваё стагоддзе

14 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Векавы юбілей адзначыў на ХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Дзяржаўны акадэмічны рускі народны хор імя Пятніцкага. Канцэрт гэтага праслаўленага калектыву завяршыў напярэдадні познім вечарам праграму Дня Расіі на віцебскім форуме, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Яшчэ з дня заснавання "Славянскага базару" была закладзена прыгожая традыцыя святкаваць на ім усемагчымыя юбілеі. Аднак сваё 100-годдзе на віцебскім форуме дагэтуль не адзначаў ніхто. Таму такая падзея першапачаткова павінна была стаць унікальнай і незабыўнай.

"У гэтым годзе мы прывезлі ў Віцебск жамчужыну рускай культуры, бо хор імя Пятніцкага - гэта здабытак усіх славянскіх народаў", - сказаў, прывітаўшы публіку, міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў, падзякаваўшы арганізатарам фестывалю і віцебскім гледачам за любоў да нацыянальнай культуры.

Свой 100-гадовы юбілей хор імя Пятніцкага пачаў адзначаць яшчэ ў сакавіку канцэртам у Крамлёўскім палацы, дзе была прадстаўлена праграма з твораў, сабраных у 20 расійскіх рэгіёнах. Затым у маскоўскай Канцэртнай зале імя Чайкоўскага адбыўся канцэрт, падчас якога калектыў віншавалі іх калегі па народным цэху. Выступленне ў Віцебску завяршыла юбілейныя ўрачыстасці. Дзеля яго артысты хору пайшлі на рызыкоўны эксперымент: упершыню за 100 гадоў існавання калектыву была прадстаўлена сумесная двухгадзінная праграма са зоркамі эстрады. І ўпершыню яна цалкам складалася выключна з рускіх народных песень, у ёй не прагучала ніводнага аўтарскага твора.

Калектыў вельмі сур'ёзна рыхтаваўся да выступлення на "Славянскім базары": праграма стваралася некалькі месяцаў. Эстрадныя артысты, якія прынялі ўдзел у канцэрце, па некалькі разоў прыязджалі ў хор, праслухоўвалі яго велізарны рэпертуар, каб выбраць сабе прыдатную песню. Ларыса Даліна спынілася на "Ой, туманы…", Тамара Гвердцытэлі выбрала "Ой, то не вечар…", Дзмітрый Певцоў і Зара - "Ой, ты стэп шырокая"… А фінал канцэрта стаў сапраўдным сімвалам "Славянскага базару": прагучалі беларуская песня "Нёман", украінская "Ой, чорна я чы чорна" і руская "Карабачка".-0-