Хоспіс для хворых на рак плануецца адкрыць у 2011 годзе ў Полацку
23 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Хоспіс для хворых на анкалагічныя захворванні плануецца адкрыць у 2011 годзе ў Полацку, які стане трэцім па ліку ў Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным клінічным анкалагічным дыспансеры.
Установа медыцынскага тыпу будзе створана на базе адной з лячэбных устаноў гарадской цэнтральнай паліклінікі і разлічана на адначасовае знаходжанне 15 пацыентаў з запушчанымі стадыямі анкалагічных захворванняў, а таксама тых, хто пакутуе іншымі хваробамі. Галоўнай задачай хоспіса з'яўляецца забеспячэнне якасці жыцця цяжкім хворым. З пацыентамі і іх сваякамі будзе працаваць псіхолаг, спецыялісты хоспіса дапамогуць падабраць правільнае абязбольванне, вырашыць шэраг іншых медыцынскіх і сацыяльных праблем.
Сёння ў вобласці ўжо дзейнічаюць два хоспісы, у тым ліку адзін з іх адкрыты ў кастрычніку 2010 года ў Оршы на базе гарбальніцы №4 і разлічаны на 15 месцаў. З 2009 года працуе хоспіс на 20 месцаў у Акцябрскай участковай бальніцы Віцебскага раёна. Пасля адкрыцця такой установы ў Полацку патрэба вобласці ў хоспісах будзе цалкам забяспечана.
Смяротнасць ад анкалагічных захворванняў у Віцебскай вобласці ў студзені-лістападзе знізілася на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года і склала 186,6 выпадку на 100 тыс. насельніцтва. Гэтая станоўчая тэндэнцыя назіраецца на працягу 10 гадоў, а ў апошнія гады набыла выяўлены характар. Зніжэнне смяротнасці абумоўлена паляпшэннем ранняй дыягностыкі і прымяненнем сучасных метадаў лячэння. Сёння вылечваецца кожны трэці хворы. Акрамя таго, зніжаецца запушчанасць выяўляемых анказахворванняў, сёння пацыенты, у якіх выяўляецца захворванне ў 4-й стадыі, складаюць каля 12% ад агульнай колькасці ўпершыню ўстаноўленых дыягназаў. Яшчэ адной станоўчай тэндэнцыяй з'яўляецца рост колькасці пацыентаў, якія стаяць на ўліку больш за 5 гадоў, іх доля ў агульнай колькасці пацыентаў складае 52,9%.
Па дадзеных на 1 снежня, на ўліку ў анкадыспансеры знаходзяцца больш за 31 тыс. чалавек, а гэта прыкладна кожны 42-і жыхар вобласці. У апошнія гады істотныя змены адбыліся ў структуры захворванняў. На першае месца выйшаў рак скуры, далей ідзе рак лёгкага. Для мужчын узрасла актуальнасць праблемы захворвання ракам прастаты, які выйшаў на трэцяе месца ў структуры мужчынскіх анказахворванняў. У структуры жаночай анказахворванняў на трэцім месцы стаіць рак малочнай залозы.-0-