Гаспадаркі Беларусі плануюць у 2009 годзе атрымаць 40 тыс. т ільнавалакна
30 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі плануюць сёлета атрымаць 40 тыс. т льновалакна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Уладзімір Гракун.
Уборка лёну ў многіх раёнах краіны ідзе ў складаных умовах. Моцныя дажджы, якія нядаўна абрынуліся на Беларусь, прыбілі пасевы да зямлі, не толькі ўскладніўшы іх пад'ём, але і пагоршыўшы якасць прадукцыі. Найбольш пацярпелі ад багатых ападкаў сельгасарганізацыі Магілёўскай вобласці, дзе ў многіх раёнах пасевы лёну заліты. "Тэхніка дазваляе нам выконваць уборку палегшага лёну, аднак на тых участках, дзе ёсць затапленні, гэтая праца значна ўскладняецца, - расказаў спецыяліст. - Застаецца спадзявацца, што ўмовы надвор'я ў бліжэйшы час палепшацца, вільгаць сыдзе і мы зможам выратаваць ураджай лёну там, дзе гэта магчыма".
Цяпер на палях краіны ва ўборцы лёну задзейнічана 314 камбайнаў і 15 льнотрапалак. Лён вытрапаны на плошчы 10,5 тыс. га, што складае 15% да плошчы, якая падлягае ўборцы. Самыя высокія тэмпы трапання лёну ў гаспадарках Мінскай і Брэсцкай абласцей - тут гэтыя работы выкананы на 25% запланаванай плошчы. У Гомельскай вобласці ўбрана 16,5% да плана, Гродзенскай - 15,8%, Магілёўскай - 13,4%, Віцебскай - каля 7%. -0-