Гаспадаркі Беларусі пасеялі 33,5% азімых збожжавых
11 верасня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. У гаспадарках Беларусі на 11 верасня азімыя збожжавыя пасеяны на 472,6 тыс. га, што складае 33,5% да плана. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
На аналагічную дату мінулага года было засеяна 433,8 тыс. га, або 30,5% да задання. Сёлета азімыя збожжавыя зоймуць 1 млн. 410,7 тыс. га сельгастэрыторый.
Па тэмпах сяўбы наперадзе сельгасарганізацыі Віцебскай і Магілёўскай абласцей, дзе азімымі збожжавымі занята адпаведна 45,4% і 45% плошчаў, адведзеных пад гэтыя культуры. За імі ідзе Гомельская вобласць – тут пасеяна 34,7% да плана. У Мінскім і Гродзенскім рэгіёнах выканалі прыкладна 29% задання. У Брэсцкай вобласці пасеяна 23,4% да запланаванага.
Пад сяўбу азімых падрыхтавана 958,3 тыс. га, што складае 67,9% да плана. Лідзіруюць гаспадаркі Магілёўскай вобласці, дзе падрыхтавана 86% плошчаў. У цэлым па краіне для падрыхтоўкі глебы да сяўбы азімых збожжавых задзейнічана 2251 энерганасычаны трактар, або 90,7% да іх наяўнасці. З гэтай тэхнікі крыху больш за 1 тыс. працуе ў дзве змены.
Плануецца, што сяўбу азімай пшаніцы большасць сельгасарганізацый краіны завершаць да 15 верасня, азімага жыта і трыцікале – да 20 верасня. Тэмпы сяўбы залежаць ад падрыхтоўкі глебы і ўнясення мінеральных угнаенняў. -0-