Гаспадаркі Беларусі завяршылі сяўбу лёну

4 мая, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Гаспадаркі Беларусі завяршылі сяўбу лёну. На сённяшні дзень гэтая культура займае звыш 65 тыс.га, што складае практычна 100% да плана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Першымі з сяўбой лёну справіліся гаспадаркі Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. У цэлым па рэспубліцы сяўба лёну праведзена ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, і, калі не заважацьмуць умовы надвор'я, у гэтым годзе аграрыі разлічваюць атрымаць добры ўраджай гэтай культуры. Працягваецца сяўба яравога рапсу. Ён займае 18,5 тыс.га пасяўных плошчаў, што складае 68% да плана. У Мінскай вобласці сяўба гэтай культуры цалкам завершана, у Віцебскай пасеяна 78% ад запланаванага, Гродзенскай - 50%, Гомельскай - 46,7%, Магілёўскай - 18%. Большасць гаспадарак пачала апрацоўку азімага рапсу супраць рапсавага кветаеда. Активно вядзецца сяўба кукурузы. Цяпер гэтая культура размешчана прыкладна на палове запланаваных плошчаў (391 тыс.га). Лідарамі па тэмпах сяўбы кукурузы з'яўляюцца гаспадаркі Гомельскай і Брэсцкай абласцей. У гэтым годзе сельгас-арганізацыі краіны плануюць засеяць кукурузай 803,7 тыс.га, што адпавядае ўзроўню мінулага года, у тым ліку па зярнявой тэхналогіі будзе засеяна 159,8 тыс.га. Бульба высаджана на 35,8 тыс.га, што складае 68% ад запланаванага. Пры гэтым у Гродзенскай вобласці гэтая культура займае 88% адведзеных пад яе плошчаў, Брэсцкай - 83%, Гомельскай - 80%, Мінскай - 58%, Магілёўскай - 56%, Віцебскай - 34%.-0-