Гаспадаркі Глыбоцкага раёна з першымі прамянямі вясновага сонца завяршылі нарыхтоўку лёду

15 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. З першымі прамянямі вясновага сонца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці завяршылі нарыхтоўку лёду. Дзедаўскі метад астуджэння малака вырашылі выкарыстоўваць гаспадаркі сёлета ўлетку, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Глыбоцкага райвыканкама. Улетку глыбоцкія буранкі кругласутачна пасуцца на лугах. Даенне адбываецца з дапамогай перасоўных установак і доўжыцца каля 2,5 гадзін. За гэты час у спякоту малако падкісае, губляе свае смакавыя якасці, і гаспадаркі нясуць страты. Не ўсе сельгаспрадпрыемствы могуць дазволіць сабе набыць мабільныя халадзільныя ўстаноўкі, а вось нарыхтаваць лёду ўпрок, каб выкарыстоўваць яго для астуджэння, - пад сілу і па сродках. Тэхналогію нарыхтоўкі глыбоцкія жывёлаводы ўзялі ў адной з гаспадарак Гомельскай вобласці. Лядзяныя глыбы высякаюць з вадаёмаў, а таксама напаўняюць вадой поліэтыленавыя мяшкі, завязваюць і пакідаюць на марозе: праз некалькі гадзін бясшкодны для экалогіі ахаладжальнік для малака гатовы. Такім чынам нарыхтавана больш за 100 т лёду. Захоўваць запасы будуць таксама па гомельскай методыцы: у буртах, пад пластом апілак, кастры, саломы і поліэтылену. Па папярэдніх разліках, дзедаўскі метад дазволіць у цэлым па раёне эканоміць прыкладна 40 тыс. кВт.г электраэнергіі ў месяц. У эксперыменце ўдзельнічаюць 98% гаспадарак Глыбоцкага раёна. Пасля таго як пашавы перыяд завершыцца, у райсельгасхарчэ маюць намер даць канчатковае рашэнне аб мэтазгоднасці прымянення старадаўніх метадаў у сучаснай сельскай гаспадарцы.-0-